Рыс, штодзённыя газеты і паслугі міжнароднага турызму выявіліся лідарамі па падаражэнні ў ліпені бягучага года, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата. Цэны на іх павялічыліся на 3-4 працэнты пры агульным росце спажывецкіх цэн за месяц на 0,03%.
З пачатку года цэны выраслі ў сярэднім на 3,42%. Прадукты харчавання падаражэлі на 3,53%, нехарчовыя тавары — на 2,14%, паслугі — на 4,08%. Сярод харчовых тавараў хутчэй даражэлі аліўкавы алей, какава-парашок, гарох, фасоля. У тройцы па падаражэнні сярод нехарчовых тавараў: штомесячныя часопісы, набор корпуснай мэблі, гарнітур для пярэдняга пакоя.
Украіна адмовілася ад беларускіх тралейбусаў на 3,7 млн еўра
Тралейбусы “Белкамунмаш” не будуць ездзіць ва ўкраінскім прыфрантавым Мікалаеве, кажуць у Офісе ўкраінскага Генпракурора. Сума дамовы на пастаўку тралейбусаў перавышала 3,7 млн. еўра, і бакі добраахвотна ад яе адмовіліся. “Дамова павінна была быць скасаваная праз тое, што тралейбусы, якія падлягалі пастаўцы, вырабляліся з частак “Белкамунмаш”, які знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, да якога ўжытыя санкцыі”, — кажуць у Офісе. Гэта хутчэй фармальнае рашэнне, бо ўмовы дагавора і без таго не выконваліся з 2022 года. Але ж украінскі бок вымушаны быў плаціць крэдыт ЕБРР за карыстанне сродкамі, якія былі атрыманыя пад фінансаванне гэтай здзелкі. Скасаваўшы здзелку, горад нарэшце зможа набыць новыя тралейбусы — але ўжо ўкраінскай вытворчасці.
МТЗ падчас санкцый збіраецца адкрываць новыя вытворчыя цэхі
Менскі трактарны завод падчас санкцый збіраецца адкрываць два новыя вытворчыя цэхі. Першы з іх прызначаны для апрацоўкі дэталяў. Яго збіраюцца ўзвесці на базе аднаго з складоў. А для другога, больш буйнога, “свабодных плошчаў не хапае”. Таму яго плануюць будаваць у індустрыяльным парку “Вялікі камень”, ён будзе спецыялізавацца на вытворчасці дэталяў “для новай тэхнікі” (у прыватнасці, для мадэрнізаваных трактароў і мадэлі 2023 года).
Першы намеснік гендырэктара Сяргей Аўраменка кажа пра “аглядную будучыню”, калі можа быць рэалізаваны гэты праект. Колькі ён запатрабуе фінансавых сродкаў, не ўдакладняецца. Магчыма, надзеі на расейскае фінансаванне, піша «Еўрарадыё».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Depositphotos