У Менску ў ліпені ў параўнанні з тым самым месяцам мінулага года колькасць угодаў скарацілася, расказаў “Люстэрку” эксперт рынку нерухомасці Wikidom Мікалай Тукін. Паводле яго, людзі спрабавалі набіраць крэдыты яшчэ па старой працэнтнай стаўцы. Пры гэтым цэны на квадратны метр працягваюць расці. Сярэдні кошт «квадрата» ў ліпені быў 1723 даляры.

Больш за ўсё дадалі ў кошце трохпакаёвыя і чатырохпакаёвыя кватэры. Пры гэтым попыт на аднапакаёўкі захоўваецца. Паводле Мікалая Тукіна, аднапакаёўкі працягваюць карыстацца попытам, у тым ліку ў якасці інвестыцыйных праектаў. Другая магчымая прычына захавання цікавасці да аднапакаёвых кватэр — падаражанне жылля. Многія пакупнікі, якія раней планавалі купіць двухпакаёўку нават у не самым добрым стане, цяпер праз недахоп грошай выбіраюць аднапакаёвыя, але ў лепшым стане.
Лукашэнка патрабуе ад рэтэйлераў інвеставаць у вёскі
Па выніках нарады аб рабоце гандлю ў краіне Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб рэтэйлеры інвеставалі ў развіццё сетак у вёсцы.
– У невялікія вёскі, няхай нават неперспектыўныя, варта прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўвання насельніцтва. Трэба забяспечыць баланс: будуеш прыбытковы бізнес у сталіцы і іншых буйных гарадах – вазьмі на сябе сацыяльную адказнасць па абслугоўванні спажыўца ў вёсцы. Тым больш што праблемных раёнаў не так ужо і шмат, – заявіў ён.
На нарадзе прагучалі галоўныя праблемы сельскага гандлю. Адна з іх – нязручныя маршруты аўтакрам і бедны асартымент у іх. Іншая – наяўнасць тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці, піша “Беларусы і рынак”.
На мясным рынку — чарговае банкруцтва
Банкрутуе мясаперапрацоўчы камбінат «Астражанскі-К» з Лельчыцкага раёна. Прадпрыемства не працавала з 2019 года і назапасіла даўгоў больш чым на 190 тысяч рублёў.
Справу пра банкруцтва пачалі разглядаць толькі ў траўні гэтага года ў Эканамічным судзе Гомельскай вобласці. Гэты суд пастанавіў прызнаць завод банкрутам і ліквідаваць яго. Акрамя асноўных даўгоў, камбінат мае нязначныя запазычанасці перад іншымі арганізацыямі, у тым ліку перад “Беларуськаліем”, піша партал “Люстэрка”.
Расея кідае выклік польскім вытворцам
Расейскі малочны сектар дынамічна развіваецца, заваёўваючы ўсё большую прысутнасць на міжнародных рынках. Гэта пашырэнне ставіць перад польскімі вытворцамі сыру непасрэдны выклік. Расея ўсё часцей выходзіць на рынкі Азіі і Блізкага Усходу, якія таксама прывабныя і для польскага экспарту, піша businessinsider. Эксперты прагназуюць, што да 2030 года кошт экспарту расейскага сыру можа дасягнуць 700 мільёнаў злотых.
Польшча, як адзін з найбуйнейшых вытворцаў сыру, экспартавала прадукцыі амаль на 3 мільярды злотых у 2024 годзе. Гэта ставіць краіну на пятае месца ў свеце, саступаючы ЗША, Германіі, Францыі і Італіі. Аднак узмацненне канкурэнцыі з боку Расеі можа паўплываць на дынаміку экспарту польскай прадукцыі, асабліва на азіяцкія і блізкаўсходнія рынкі.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: Віталь Гіль.






