Урад Літвы павінен разгледзець магчымасць кампенсаваць перавозчыкам страты за затрыманыя ў Беларусі грузавікі. Асновай для кампенсацыі могуць стаць замарожаныя беларускія актывы, у тым ліку санаторый “Беларусь” у Друзгеніках. Такую прапанову агучыў былы прэм’ер Літвы, лідар дэмакратычнага саюзу “У імя Літвы” Саўлюс Сквярняліс, паведамляе выданне delfi.

Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі пасля таго, як урад Літвы закрыў мяжу з Беларуссю на тры тыдні. Рэжым Лукашэнкі не выпускае фуры нават пасля адкрыцця мяжы, патрабуючы кансультацый з Літвой на ўзроўні МЗС.
Пад Мядзелем шукаюць пакупніка для вінзавода
У вёсцы Ілава Мядзельскага раёна ў чарговы раз на таргі выставілі вінзавод, які пачаў працаваць яшчэ ў 1932 годзе. Яго спрабавалі неаднаразова прадаць. У пачатку снежня за прадпрыемства прасілі 3,3 мільёны рублёў. Цяпер яго прапануюць купіць за 2,7 мільёна.
Вінзавод належыць мясцоваму УП “Ілаўскае”. У свой час там працавалі амаль 150 чалавек. Прадпрыемства выпускала спірт, пладовыя і фруктова-ягадныя віны і нават кальвадос. А яшчэ – сокі і іншую прадукцыю. Сем гадоў таму рост закупачных цэн на сыравіну і матэрыялы, а таксама высокая канкурэнцыя ў гандлі прывялі завод да страт. Завод спрабавалі прадаць не адзін раз. Новыя таргі прызначаны на 24 снежня.
Беларусь стала заўважна больш зарабляць на замежных турыстах
Турыстычная галіна Беларусі дэманструе ўпэўнены рост экспарту паслуг. Як паведаміла дырэктар дэпартамента па турызме Мінспорту Ірына Варановіч, за студзень-верасень экспарт турыстычных паслуг павялічыўся на 43% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У пяцёрку краін, грамадзяне якіх найчасцей наведваюць Беларусь, традыцыйна ўваходзяць Расея, краіны Балтыі і Кітай, піша myfin.by.
Разам з тым даходы ад кожнага канкрэтнага турыста застаюцца адносна сціплымі. У сярэднім падарожнікі ў Беларусі трацяць каля $125, уключаючы расходы на пражыванне, харчаванне і наведванне культурных аб’ектаў.
Польскія елачныя цацкі заваёўваюць свет
Польшча за мінулы год узнялася на другое месца сярод еўрапейскіх экспарцёраў навагодніх елачных цацак, абышоўшы Германію, і на пятае месца ў свеце. Аднак рынак змяняецца: ва ўсім свеце вытворцы мусіць канкураваць з больш таннай прадукцыяй з Азіі. У Польшчы імпарт святочных дэкарацый таксама няўхільна расце — і ўжо чатыры з пяці елачных цацак у Польшчы паходзяць з Кітая.
Найбуйнейшымі пакупнікамі польскіх елачных цацак застаюцца Германія, ЗША і Францыя. Частка ідзе ў Чэхію, Аўстрыю і Славакію.
Беларускае Радыё Рацыя






