У Літве прапануюць часова забараніць увоз і транзіт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расейскага ці беларускага паходжання. Адпаведную прапанову аб папраўках у закон аб сельскай гаспадарцы, харчаванні і развіцці вёскі ўнёс старшыня Камітэта Сейма па эканоміцы Казіс Старкявічус, паведамляе Delfi. Забарону прапануюць увесці з 15 красавіка 2024 года па 1 ліпеня 2025 года. Да ўступлення забароны ў сілу ўраду прапануецца зацвердзіць пералік сельскагаспадарчай прадукцыі, забароненай да ўвозу і транзіту праз Літву.

Аб намеры дабіцца эмбарга на ўвоз беларускай і расейскай аграпрадукцыі заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Ён збіраецца звярнуцца ў польскі Сейм, каб той заклікаў Еўракамісію накласці эмбарга на харчовую прадукцыю з Беларусі і Расеі. У канцы лютага імпарт сельскагаспадарчых і кармавых прадуктаў з Расеі і Беларусі забараніла Латвія, прыгадвае reform.by.
Выставілі на продаж самую магутную ў Беларусі сонечную электрастанцыю
У Беларусі з-за даўгоў арыштавалі самую магутную сонечную электрастанцыю. Цяпер велізарны комплекс сярод лясоў Чарнобыльскай зоны выстаўлены на продаж, піша Blizko.by.
У 2018 годзе ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці на замову кампаніі “Солар Лэнд” пачалі будаваць магутную сонечную электрастанцыю. Комплекс размясціўся каля адселенай вёскі Малая Рэчыца. Гэтыя землі пацярпелі ад Чарнобыльскай АЭС, таму населеныя пункты адсялілі. Станцыю запусцілі ў эксплуатацыю ў лістападзе 2021 года. Цяпер жа станцыя фігуруе як арыштаваная маёмасць з прычыны даўгоў кампаніі “Солар Лэнд”, і яе спрабуюць прадаць. Стартавая цана лота складае прыкладна 24,8 мільёна даляраў па актуальным курсе. Таргі стартуюць 14 сакавіка.
“Камунарка” збіраецца пабудаваць новую фабрыку
Менская кандытарская фабрыка “Камунарка” плануе будаўніцтва новай вытворчасці. Ужо ў красавіку пачнуць рыхтаваць будаўнічую пляцоўку. “Гэта па маштабах будзе такая ж фабрыка, але больш сучасная”, — паведаміў у эфіры беларускага тэлебачання памочнік гендырэктара прадпрыемства па асобых даручэннях Мікалай Камаеў. Прадугледжваецца, што на фабрыцы будзе дзесяць новых вытворчых ліній. Цяпер заключаюцца кантракты на пастаўку абсталявання. Чакаецца, што новую фабрыку пабудуюць да 2027 года, піша euroradio.fm.
Раней паведамлялася, што “Камунарка” хоча нарасціць вытворчасць какава-прадуктаў і цалкам адмовіцца ад імпарту гэтай сыравіны з ЕС. У снежні 2022 года таму размова ішла аб стварэнні новай імпартазамяшчальнай вытворчасці поўнага цыкла. Аб’ём інвестыцый ацэньваўся ў 46 мільёнаў еўра.
Беларускае Радыё Рацыя






