BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У менскіх крамах заўважная праблема з бульбай

Каб набыць у сярэдзіне красавіка самую галоўную беларускую гародніну, менчукам даводзіцца доўга корпацца ў скрынках і прыдзірліва адбіраць клубні. Як правіла, у крамах можна знайсці толькі адзін від бульбы, і нават самыя дарагія ўзоры ўраджаю 2024 года маюць не вельмі таварны знешні выгляд, паказала праверка выдання «Салідарнасць».

Самая танная цана на бульбу ў Менску — 1,08 рубля за кілаграм. Па такой цане, прычым адзіны від бульбы ў агароднінным аддзеле, знайшлі ў невялікіх крамах «Капеечка» і «Еўраопт», а таксама ў вялікай краме «Суседзі». Выглядае гэтая бульба не вельмі прэзентабельна — зморшчаная, у парэзах і «баразёнках». Самую прывабную бульбу журналісты знайшлі ў гандлёвым павільёне з дарагімі гароднінай і садавіной па цане 3,5 рубля за кілаграм.

Праблема з бульбай у Беларусі ўжо не першы месяц вырашаецца на ўзроўні ўрада, часам пра яе згадвае і Лукашэнка.

Гомельская вобласць апошняй падняла аплату на праезд

Апошняй у краіне цэны на праезд у гарадскім транспарце падняла Гомельская вобласць. Адна паездка на звычайных і хуткасных маршрутах цяпер каштуе 90 капеек, а на экспрэсных — 1 рубель.

У прыгарадным транспарце тарыфы выраслі на 1 капейку. Павысіўся і кошт праязных білетаў. За месячны праязны трэба будзе аддаць ад 34,42 рубля да 54,05 рубля — у залежнасці ад памеру горада і колькасці відаў транспарту.

Раней цэны на праезд у грамадскім транспарце павысіліся ва ўсіх астатніх абласцях і Менску.

Аўтамабілем 2024 года ў Беларусі стаў кітайскі Voyah Free

Аўтамабілем 2024 года ў Беларусі названы кітайскі Voyah Free, паведаміў дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота на прэс-канферэнцыі ў Менску. На фінальным этапе складання рэйтынгу, ініцыяванага Беларускай аўтамабільнай асацыяцыяй, разглядалася сем мадэляў, з якіх эксперты выбралі пераможцаў. Другое месца заняў нямецкі Audi Q8, трэцяе — беларуска-кітайскі Belgee Х50.

Летась на беларускім рынку было прадстаўлена 100 мадэляў легкавых аўто, што на 28,2% больш, чым у пазалетась. Аднак у 2022 годзе было 142 мадэлі, так што да гэтага паказчыка яшчэ далёка.

Палякі спажываюць значна менш яек, чым у сярэднім жыхары ЕЗ

Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, палякі спажываюць у сярэднім 179 яек на чалавека ў год. Хоць гэта не самы нізкі вынік, то значна ніжэйшы, чым сярэдні паказчык па Еўразвязе, які складае 245 яек.

Старшыня Нацыянальнай федэрацыі птушкагадоўцаў і вытворцаў яек Павел Падстаўка кажа, што палякі, перш за ўсё, звяртаюць увагу на кошт яек і на іх паходжанне:

 Кліенты маюць доступ да розных відаў яек: ад яек курэй, якіх трымаюць клетках, да яек ад курэй з экалагічных гаспадарак. Пра тое, якія яйкі яны купляюць, вырашае або цана, або меркаваны дабрабыт курэй.

Пры гэтым Польшча з’яўляецца чацвёртым па велічыні вытворцам яек у Еўропе, вырабляючы больш за 11 мільярдаў яек у год. 40 працэнтаў з іх ідзе на экспарт, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  ua.depositphotos.com