Змены ў налічэннях. Некаторым беларусам маюць намер павысіць пенсію, прыбаўка складзе да 270 рублёў. Пра гэта расказала міністарка працы і сацабароны Наталля Паўлючэнка.
Такую прапанову міністр агучыла на пасяджэнні экспертнай рады, інфармуе выданне Люстэрка. Паводле яе слоў, Мінпрацы падрыхтавала дакумент для ўнясення ва ўрад адпаведных прапаноў з 1 верасня. У прыватнасці, плануецца павысіць пенсіі тым беларусам, якія ў гады Другой сусветнай вайны атрымалі медалі і ордэны за самаадданую працу ў тыле, а таксама ваеннаслужачым, якіх узнагародзілі за бездакорную службу ў тыле.
Акрамя таго, у дакуменце прапануецца павялічыць штогадовую выплату да 9 Мая “асобным катэгорыям ветэранаў”, але пакуль канкрэтных сум не называецца. Таксама падвысяць пенсіі на 110 рублёў тым, хто накіроўваўся для абслугоўвання воінскага кантынгенту падчас баявых дзеянняў у Афганістане і на тэрыторыі іншых краін”. Міністарка растлумачыла, што гэта медыкі, работнікі пошты і кухні, якія зараз на пенсіі. Павялічыць пенсіі ім вырашылі пасля таго, як некаторыя з іх прыйшлі на асабісты прыём да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і звярнуліся з такой просьбай.
Беларускае Радыё Рацыя