Праект указа аб тарыфах на жыллёва-камунальныя паслугі на 2026 год ужо падрыхтаваны і цяпер праходзіць працэдуру ўзгаднення ў Камітэце дзяржаўнага кантролю. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу АНТ паведаміў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Трубіла.

Паводле яго слоў, павышэнне тарыфаў традыцыйна вызначаецца ўказам кіраўніка дзяржавы. Раней рост не перавышаў эквіваленту 5 даляраў у год, цяпер ён абмежаваны 0,5 базавай велічыні.
Гаворка ідзе пра аплату камунальных паслуг пры нарматыўным спажыванні сям’ёй з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры. З 1 студзеня 2026 года базавая велічыня складае 45 рублёў, што азначае, што за год сума ў «жыроўцы» для такой кватэры вырасце на 22,5 рубля.
У 2025 годзе тарыфы на паслугі ЖКГ павышаліся ў два этапы — зімой і летам. Пры гэтым у зімовы перыяд не змяняўся кошт ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Акрамя таго ў 2025 годзе ў Беларусі былі перагледжаныя правілы налічэння платы за камунальныя паслугі для грамадзян, не занятых у эканоміцы.






