Золатавалютныя рэзервы Беларусі зноў выраслі, гэтым разам на 134 мільёны даляраў за месяц. На 1 красавіка ЗВР складалі 8 млрд 352,5 мільёнаў даляраў. У пачатку года золатавалютныя рэзервы зніжаліся, аднак у лютым выраслі. І гэтая тэндэнцыя пакуль захоўваецца.

Эксперты Еўразійскага банка развіцця ў сакавіку адзначалі, што рэзервы пачалі расці і за кошт таго, што беларусы ў лютым панеслі валюту ў абменнікі. У сакавіку было тое самае — фізічныя асобы прадалі на 109 мільёнаў даляраў больш, чым купілі. Памер міжнародных рэзервовых актываў Беларусі дасягнуў самага вялікага значэння з лютага 2022 года. Тады яны перавысілі 8,5 млрд даляраў.
Як змяніўся попыт беларусаў на айчынныя тавары
Продажы беларускіх прадуктаў у крамах краіны ў мінулым годзе выраслі на 0,6%, а нехарчовых тавараў упалі на 2,5%. Распавёў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. У цэлым у мінулым годзе доля беларускіх тавараў у рознічным тавараабароце склала 59,5 працэнта. Сярод айчынных нехарчовых пазіцый аселі продажы панчошна-шкарпэткавых вырабаў, трыкатажнага адзення, халадзільнікаў і пральных машын. На думку Аляксея Багданава, вытворцы могуць змяніць сітуацыю ў лепшы бок за кошт маркетынгу і прасоўвання прадукцыі.
Сярод прадуктаў харчавання летась асабліва выраслі продажы яблыкаў, бульбы, белакачаннай капусты, буракоў, агуркоў, таматаў, цыбулі, сыру, дзіцячага харчавання, грэчкі і мукі. Попыт на ўнутраным рынку практычна поўнасцю задаволены за кошт айчынных мяса і мясных прадуктаў, цукру, сметанковага масла, сыру, мукі і курыных яек. Раней МАРТ даручыў дыскаўнтэрам павялічыць на паліцах колькасць айчыннай прадукцыі, піша Office Life.
Пад Менскам прадаюць палац за мільён даляраў
Палацава-паркавы ансамбль прадаюць на радзіме Хаіма Суціна ў Смілавічах Чэрвеньскага раёна. Пакупнік атрымае будынак плошчай 1 тысяча 142 квадратныя метры, паведамляе 1prof.by. У ім два паверхі і 30 пакояў. Таксама новы ўласнік атрымае ўчастак у 3,5 га, на якім, акрамя палаца, размешчаны прыродны помнік мясцовага значэння — парк Смілавічы. Сам палац уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Палац у Смілавічах пабудаваў у пачатку XIX стагоддзя Станіслаў Манюшка. Ад таго палаца засталася толькі вежа. Новы палац, які захаваўся да нашых дзён, пачаў будаваць Аляксандр Манюшка. Завяршыліся работы толькі ў 1900 годзе. Абодва будынкі злучылі галерэяй.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: freepik.com.






