BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У некаторых беларусаў вырастуць даплаты да пенсій

У траўні ў Беларусі ўступаюць у сілу змяненні ў закон аб ветэранах, у некаторых беларусаў у выніку вырастуць даплаты да пенсій. Так, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаныя за службу ў тыле, будуць атрымліваць павялічаную ў пяць разоў даплату да пенсіі. Замест ранейшых 50% ім будуць налічваць 250% ад мінімальнай пенсіі, ці амаль 280 рублёў. Гэта катэгорыя таксама атрымлівае новы статус, па якім іх поўнасцю прыраўноўваюць да ўдзельнікаў баявых дзеянняў з усімі належнымі льготамі і сацыяльнымі гарантыямі.

Асобная мера падтрымкі з’явілася для тых, хто працаваў Афганістане ў перыяд з 1979 па 1989 год. Для іх цяпер прадугледжана штомесячная даплата ў 100 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце.

Гомельская фабрыка “8 Сакавіка” на мяжы банкруцтва

Гомельская фабрыка “8 Сакавіка” завяршыла год з чыстым стратамі, паведамляе выданне “Флагшток” са спасылкай на ананімную крыніцу. “Кіраўніцтва абяцала падняць зарплату яшчэ ў канцы 2024 года. У выніку — нічога не паднялі. А тыя зарплаты, што былі, пачалі выплачваць часткамі”, — распавёў супрацоўнік фабрыкі. Паводле яго слоў, прадпрыемства загружана толькі часткова — “палову дня работнікі могуць спакойна займацца сваімі справамі або сядзець у тэлефонах”.

Таксама тэкстыльшчыкі завяршылі 2024 год з чыстымі стратамі ў 814 тысяч рублёў. Гэта працяг ранейшай негатыўнай дынамікі. Незалежныя аўдытары заяўляюць, што прадпрыемству пагражае банкруцтва.

ЗША вызвалілі ад узаемных пошлін смартфоны і кампутары

Адміністрацыя ЗША вырашыла вызваліць ад узаемных пошлін электроніку, у тым ліку смартфоны і кампутары, паведамляе Bloomberg. Паводле яго даных, гэтае рашэнне “патэнцыйна змякчыць шок спажыўцоў ад цэн”, а таксама можа прынесці выгаду такім буйным карпарацыям, як Apple і Samsung.

Агенцтва спасылаецца на дакумент, апублікаваны Мытнай і памежнай службай ЗША. У ім прыведзены лічбавыя класіфікацыі тавараў, на якія не распаўсюджваюцца ўведзеныя на кітайскія тавары пошліны ў памеры 125%, а таксама тарыфы ў 10%, якія дзейнічаюць для большасці іншых краін. Па дадзеных Bloomberg, выключэнні таксама дадуць для наўтбукаў, цвёрдых дыскаў, кампутарных працэсараў і чыпаў. Агенцтва ўдакладняе, што гэтыя папулярныя тавары бытавой электронікі, як правіла, не вырабляюцца ў ЗША, а наладжванне ўнутранай вытворчасці зойме гады. Аднак зазначаецца, што адтэрміноўка можа аказацца нядоўгай.

Названы самыя багатыя гарады свету.

Самым багатым горадам свету аказаўся Ню-Ёрк. На другім месцы па ўзроўні багацця размясціліся Сан-Францыска і Крамянёвая даліна, дзе колькасць мільянераў складае 342 тысяч, а колькасць мільярдэраў дасягнула 82, што нават перавышае паказчыкі Ню-Ёрка. У дзясятку самых забяспечаных гарадоў таксама ўвайшлі Токіо, Сінгапур, Лос-Анджэлес, Лондан, Парыж, Сіднэй і Чыкага.

Лондан і Масква з’яўляюцца адзінымі гарадамі ў топ-50, якія за апошняе дзесяцігоддзе паказалі адмоўны рост: колькасць мільянераў у Лондане скарацілася на 12%, а ў Маскве – на 25%, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: gomel.1prof.by