BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Пакістане вырасла колькасць вакансій для працы ў Берасці

Кампанія American International, якая знаходзіцца ў Пакістане, павялічыла з 50 да 120 колькасць вакансій для ахвочых папрацаваць на перапрацоўцы рыбы ў Берасці (верагодна, гаворка пра прадпрыемства “Санта Брэмар”). Гэта вынікае з актуальнай інфармацыі Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой урада гэтай паўднёваазіяцкай краіны.

Фота ілюстрацыйнае: profi-asia.com.ua
Фота ілюстрацыйнае: profi-asia.com.ua

Прыгадаю, што 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч спецыялістаў.

Беларусь адменіць візы з яшчэ адной азіяцкай краінай

Беларусам хутка не патрэбны будуць візы ў М’янму. Праект пагаднення аб узаемнай адмене віз замацоўвае магчымасць для грамадзян Беларусі ўязджаць, выязджаць і рухацца транзітам па тэрыторыі М’янмы без віз. Але ёсць умова: па «бязвізе» ў гэтай краіне можна будзе знаходзіцца не больш за 30 дзён з даты ўезду і да 90 дзён на працягу каляндарнага года.

Пра тое, што Беларусь працуе над адменай візаў з М’янмай, расказвалі ў кастрычніку. Адмяніць візы плануюць таксама з Тайландам, Філіпінамі і шэрагам іншых краін, піша Office Life.

Пастаўкі беларускага бензіну ў Расею выраслі ў 47 разоў

Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі бензіну на расейскі рынак на фоне паліўнага крызісу, які намеціўся ў Расейскай Федэрацыі. Расейскія медыя адзначаюць, што ў кастрычніку аб’ём таргоў беларускім бензінам вырас у 47 разоў год да года і склаў 36 тысяч 480 тон. За 19 дзён лістапада на біржы прадалі амаль 22 тысячы тон беларускага бензіну — у 7 разоў больш, чым за супастаўны леташні перыяд.

У кастрычніку агенцтва Reuters паведамляла, што ў сувязі з недахопам бензіну ў Расеі праз “украінскія атакі на яе энергетычную інфраструктуру”, аб’ём чыгуначных паставак беларускага бензіну ў Расею ў верасні ў параўнанні са жніўнем вырас у чатыры разы.


На таргах Sotheby’s прадалі самы дарагі аўтамабіль у свеце

Спорткар Gordon Murray S1 LM прадалі на таргах Sotheby’s за $20,63 млн. Гэта абсалютны рэкорд у гісторыі адкрытых таргоў у свеце для новых аўтамабіляў, паведамілі ў аўкцыённым доме. Гэта ўнікальны аўтамабіль, гавораць эксперты. У яго карбонавы кузаў, што дазволіла зменшыць вагу машыны ўсяго да 957 кг. Атмасферны рухавік GMA-Cosworth V12 аб’ёмам 4,3 л дазваляе развіваць магутнасць звыш 700 л. с. Аўтамабіль створаны па класіцы спорткараў з заднім прывадам і 6-ступеністай механікай. Гэта адзін з усяго пяць машын, якія будуць створаны па гэтым праекце.

Беларускае Радыё Рацыя