Праект завода ў Пінску рэалізуецца у рамках інвестпраекта «1 АК-Пластык», які уваходзіць у склад холдынгу 1AK-GROUP. Менавіта гэтая група кампаній займалася будаўніцтвам акумулятарнага завода ў Берасці, што выклікала ў горадзе пратэсты з прычыны забруджвання навакольнага асяроддзя.

У верасні на тэрыторыі індустрыяльнага парку ў Пінску стартавала будаўніцтва завода па вытворчасці пластыкавай камплектацыі для акумулятарных батарэй, паведамляе сайт «Свабодная Эканамічная Зона «Брэст». Чакаецца, што завод будзе вырабляць да трох мільёнаў камплектаў пластыкавых дэталяў у год.
Стала вядома, колькі ў Беларусі зарабляюць настаўнікі
Сярэдні заробак настаўнікаў у Беларусі складае 1739 рублі чыстымі. Такія звесткі падае беларускі статыстычны камітэт.
Так, паводле гэтых звестак, у студзені — жніўні заробак беларускіх настаўнікаў да выліку падаткаў у сярэднім складаў 2022,3 рубля, або 1739,2 рубля «чыстымі» (па сённяшнім курсе гэта 533 даляры). Паведамляецца, што ўсяго ў Беларусі працуюць 103 тысячы 300 настаўнікаў. Пры гэтым апошнія тры гады колькасць настаўнікаў у беларускіх школах скарацілася на 8,1 тысячы, падлічыў «Позірк» на падставе афіцыйных звестак.
У Беларускім Альфа Банку пракаментавалі санкцыі
У беларускім Альфа Банку пракаментавалі санкцыі, уведзеныя супраць банка Вялікабрытаніяй. У банку запэўнілі, што яго аперацыйная дзейнасць істотна не залежыць ад дзеянняў Злучанага Каралеўства, піша Office Life.
– На бягучы момант усе нашы сэрвісы і карты працуюць стабільна. Паводле папярэдніх ацэнак, увядзенне санкцый з боку Вялікабрытаніі не павінна паўплываць на працу Альфа Банка ў Беларусі, — паведамілі ў банку.
Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць беларускага Альфа Банка 3 кастрычніка. Яны прадугледжваюць арышт актываў банка ў Вялікабрытаніі, калі такія будуць там выяўленыя. У абгрунтаванні гаворыцца, што «Альфа Банк Беларусь» атрымлівае выгаду, падтрымліваючы беларускую дзяржаву.
Стала вядома, калі першыя беларусы атрымаюць “дадатковую” пенсію
Ужо два гады ў Беларусі працуе новая праграма назапашвальнага пенсіённага страхавання. А да канца 2025 года першыя 47 чалавек пачнуць атрымліваць па ёй “другую” пенсію. Першыя выплаты адбудуцца ў лістападзе – снежні 2025 года. Дадатковую пенсію атрымаюць 13 мужчын і 34 жанчыны.
Новая назапашвальная праграма стартавала ў кастрычніку 2023 года. Яна прадугледжвае, што ў назапашванні дадатковай пенсіі ўдзельнічае і работнік, і наймальнік. Дагаворы заключае страхавая кампанія “Стравіта”, піша Office Life. На гэты момант па праграме заключана ўжо 36,7 тысяч дагавораў. Характэрна, што 70 працэнтаў дагавораў заключаюць жанчыны. Самы часты варыянт, які выбіраюць беларусы пры назапашванні “другой” пенсіі, – “3+3”: калі 3% ад зарплаты на будучую пенсію адлічвае работнік і 3% – наймальнік.
Беларускае Радыё Рацыя