BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Пінску пачалі будаваць свой індустрыяльны парк

«Пачата будаўніцтва аб’екта. Заліваюць падмурак, ідзе падвядзенне інжынерных сетак. Усе работы вядуцца актыўна. Паралельна мы абʼявілі конкурсны адбор на пошук рэзідэнтаў для нашага парку, каб прыцягнуць зацікаўленых, хто мае бізнес-ідэі, інавацыйныя ідэі, магчыма, у кагосьці ўжо ёсць дзейная вытворчасць, але неабходна яе пашырэнне», – паведаміла БЕЛТА першы намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама Ірына Максімюк.

Фота ілюстрацыйнае: elladatour.by (Пінск)

Фінансуецца праект за кошт рэспубліканскага бюджэту. Індустрыяльны парк размесціцца ў прамысловай зоне Пінска, пляцоўка падабрана на вуліцы Казубоўскага. На гэтым этапе вядзецца будаўніцтва першага корпуса.

Дарэчы, у Берасцейсцкай вобласці індустрыяльны парк будуецца таксама ў Баранавічах. («Беларусы і рынак»)

У Беларусі расце попыт на электрычныя і гібрыдныя аўтамабілі

Звесткі аб продажах, сабраныя аўтамабільным холдынгам «Атлант-М», сведчаць пра тое, што за травень у Беларусі рэалізавана 3 994 новыя аўтамабілі, з іх 664 – электрамабілі і гібрыды. Гэта значыць, што кожны шосты аўтамабіль, які прадаецца ў Беларусі, – электрычны ці гібрыдны. Пры гэтым у продажы электрамабіляў ёсць свае рэкорды: напрыклад, сёння ў першай дзясятцы самых прадаваных марак – чатыры «зялёных» брэнда. У сегменце прэміяльных аўтамабіляў таксама дамінуюць электрычныя аўто.

Цяпер, кажуць эксперты, найлепшы час для набыцця ў Беларусі электрамабіляў, бо на іх няма падаткаў і пошлін. Таксама аўтадылеры назіраюць пазітыўныя змены на беларускім рынку: адбыўся зрух да масавага карыстальніка, семʼі купляюць па дзве-тры машыны.

Аднак у Беларусь усе электрамабілі завозяцца па паралельным імпарце, і гэтая тэндэнцыя захоўваецца з прычыны таго, што найбуйнейшыя гульцы не заходзяць афіцыйна на беларускі рынак. (Office Life)

Буферная зона прыносіць страты падляшскім прадпрымальнікам

Прадпрымальнікі патрабуюць ад уладаў Падляшскага рэгіёна вызвалення ад мясцовых падаткаў, прыпынення выплаты ўзносаў ZUS, субсідый на заробкі супрацоўнікаў і на выплату крэдытаў, а таксама кампенсацый для бізнесу. Гэта звязана з уведзенай буфернай зонай на мяжы з Беларуссю.

Ад чацвярга пастановай Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі буферная зона дзейнічае прыкладна на 60 км мяжы з Беларуссю на Падляшшы. У межах зоны няма гарадоў і турыстычных маршрутаў.

Аднак амаль 60 прадпрымальнікаў рэгіёну напісалі ліст да падляшскага ваяводы, у якім звяртаюць увагу на тое, што ў чэрвені ў сувязі з паведамленнем аб намеры ўвесці буферную зону на мяжы адбылася масавая адмена браніравання турыстамі гатэляў і аграсядзіб у рэгіёне Белавежскай пушчы. Абʼём браніраванняў на ліпень, жнівень і верасень на сёння складае толькі 20 працэнтаў ад магчымага. Гэта ў пяць разоў ніжэй за звычайныя летнія лічбы. (паводле Радыё Беласток)

Беларускае Радыё Рацыя