BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Польшчы адкрылі найбуйнейшае радовішча нафты і газу за ўсю гісторыю краіны

На паўночным захадзе Польшчы адкрылі новае радовішча нафты і прыроднага газу.

Кампанія-аператар Central European Petroleum (CEP) назвала яго найбуйным у краіне і адным з найбуйных у Еўропе за апошняе дзесяцігоддзе, паведамляюць польскія СМІ.

Фота: bezpiecznapodroz.org

Свідравіна Wolin East 1 (WE1), прасвідраваная ў Балтыйскім моры за 6 км ад горада Свінауйсьце, пацвердзіла наяўнасць 22 млн тон сырой нафты і 5 млрд кубаметраў прыроднага газу прамысловага прызначэння.

Паводле папярэдніх ацэнак, прадстаўленых Цэнтрам энергетычнай палітыкі, агульныя запасы радовішча могуць дасягаць больш за 33 млн. тон нафты і 27 млрд. кубаметраў газу.

“Гэта гістарычны момант для польскай энергетыкі. Wolin East – гэта больш, чым проста перспектыўнае радовішча, гэта сумесная магчымасць раскрыць увесь геалагічны і энергетычны патэнцыял Балтыйскага мора”, – заявіў прэзідэнт CEP Рольф Г. Скаар.

Па словах галоўнага геолага Польшчы Кшыштафа Галоша, гэтае адкрыццё можа істотна ўмацаваць энергетычную бяспеку краіны і скараціць яе залежнасць ад знешніх пастаўшчыкоў энергарэсурсаў.

Перш чым прыступіць да прамысловай здабычы, неабходна будзе завяршыць падрыхтоўку геалагічнай дакументацыі і атрымаць адпаведныя дазволы.