Дзеянне нулявой стаўкі падатку на дабаўленую вартасць на некаторыя харчовыя тавары ў Польшчы падоўжана не будзе. Гэта азначае, што дзеянне нулявой стаўкі заканчваецца ў канцы сакавіка, гаворыцца ў паведамленні Міністэрства фінансаў Польшчы. Ведамства спасылаецца на паказчыкі інфляцыі і прагнозы дынамікі цэн на асноўныя харчовыя тавары.

Раней стаўка падатку VAT на прадукты харчавання ў Польшчы складала 5%, але з лютага 2022 года яна была зніжана да 0%, што тлумачылася высокай інфляцыяй, якая тады перавышала 9%. Цяпер жа па выніках студзеня інфляцыя знізілася за 3,9% года да года, і гэта самы нізкі тэмп росту спажывецкіх цэн з сакавіка 2021 года. Прагназуецца, што ў лютым-сакавіку як інфляцыя, так і тэмпы росту цэн на прадукты харчавання захаваюць тэндэнцыю да зніжэння.
Што адбываецца на “Атланце” і “БЕЛАЗе”?
Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка зрабіў шэраг важных прызначэнняў у вытворчым сектары – у двух флагманаў айчыннай прамысловасці з’явіліся новыя кіраўнікі. Намеснік міністра прамысловасці Беларусі Дзмітрый Харытончык стаў новым кіраўніком завода “Атлант”, яму даручана палепшыць паказчыкі завода. Нібыта тэхніка на заводзе выпускаецца добрай якасці, але мае высокі сабекошт і высокую канчатковую цану для спажыўца, што ўскладняе магчымасці канкурэнцыі.
Таксама Лукашэнка прыняў рашэнне прызначыць на пасаду гендырэктара “БЕЛАЗа” Сяргея Лясіна, які да гэтага займаў пасаду намесніка кіраўніка прадпрыемства. Новы гендырэктар заявіў, што на гіганце айчыннай прамысловасці прымаюцца меры для захавання ранейшых тэмпаў вытворчасці. А таму плануецца сканцэнтравацца на вытворчасці падземных самазвалаў для горназдабыўной прамысловасці, гідраўлічных экскаватараў, цяжкіх 70-тонных грэйдараў ды іншай тэхнікі.
Лукашэнка не верыць, што ў Беларусі скончылася нафта
У Беларусі кепска шукаюць карысныя выкапні, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 12 сакавіка ў Менску на нарадзе пра стан і развіццё мінеральна-сыравіннай базы. На сустрэчы прысутнічаюць прадстаўнікі ўрада, Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікі абласцей, “Беларуснафты” і “Беларуськалія”.
Паводле Лукашэнкі, у краіне “няблага вывучаны прыродныя багацці, якія знаходзяцца на паверхні”. “А вось пра тое, што пад зямлёй ведаем далёка не ўсё. Таму трэба нарошчваць геолагаразведачныя работы”. Лукашэнка заявіў, што здабыча карысных выкапняў “вядзецца па ўсёй Беларусі”, пры гэтым “кантралюючыя органы інфармуюць, што часта эксплуатацыя і рэкультывацыя кар’ераў ідуць з парушэннямі”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Anna Lewańska / Agencja Wyborcza.pl