BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Польшчы прызналі праблему з банкаўскімі рахункамі для беларусаў

Камісія па фінансавым наглядзе Польшчы прызнала, што беларусы, якія чакаюць рашэння аб прадастаўленні міжнароднай абароны, сутыкаюцца з цяжкасцямі пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў.

На адказ рэгулятара звярнула ўвагу выданне Reform.news. Асноўная прычына – дакументы. Людзі, якія падаліся на міжнародную абарону, атрымліваюць часовае пасведчанне асобы замежніка, але банкі часта не лічаць яго дастатковым дакументам для адкрыцця рахунку. Акрамя таго, у першыя шэсць месяцаў такія заяўнікі не маюць права працаваць – а значыць, не могуць падаць дакументы аб даходах.

У Камісіі заявілі, што яшчэ ў чэрвені 2025 года разаслалі банкам тлумачэнне: часовае пасведчанне павінна прымацца як дакумент, які сведчыць асобу. Аднак, як прызналі ў камісіі, гэта патрабаванне выконваюць не ўсе фінансавыя ўстановы.

Цяпер рэгулятар звярнуўся да банкаў з пытаннем, ці гатовыя яны змяніць свае ўнутраныя працэдуры ідэнтыфікацыі кліентаў. Асобна ў камісіі падкрэслілі, што банкі не маюць права адмаўляць кліентам толькі на падставе грамадзянства – нават калі гаворка ідзе пра краіны, якія падпадаюць пад санкцыі ЕЗ. «Кожнае рашэнне, якое тычыцца такога кліента, павінна грунтавацца на індывідуальным аналізе», – заявілі ў Камісіі па фінансавым наглядзе.