Польскі ўрад заняўся пытаннем зніжэння цэн на паліва. Урад прапанаваў знізіць стаўку ПДВ на паліва з 23% да 8% і знізіць акцыз на паліва да мінімальнага значэння, дапушчальнага паводле правілаў Еўразвязу.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск сказаў, што неабходна забяспечыць «максімальна нізкія цэны на паліва» з пункту гледжання канчатковага спажыўца на запраўцы. Ён сказаў, што неабходна гарантаваць, што ў цяперашняй сітуацыі ніхто не атрымлівае прыбытку «за кошт палякаў». Раней, на прэс-канферэнцыі ў чацвер, Туск абвясціў, што рыхтуюцца і далейшыя рашэнні, такія як падатак на звышпрыбытак, так званы падатак на непрадбачаныя выгады, для нафтавых кампаній, якія атрымліваюць прыбытак ад высокіх цэн на нафту.
Цэны на паліва растуць на фоне крызісу на Блізкім Усходзе.
У Беларусі зноў заклікаюць купляць айчынныя тавары
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі хоча павялічыць долю айчынных тавараў у рознічным абароце да 58 працэнтаў. Такую задачу паставіла намесніца міністра Святлана Караткевіч. Паводле яе, летась доля беларускіх тавараў у продажы склала 54,4%, што на два працэнты менш, чым было пазалетась.
Таксама чыноўніца заявіла, што неабходна павялічыць долю беларускіх агуркоў, таматаў, зялёных культур і грыбоў.
Сусветныя модныя дамы паглынае крызіс
Італьянскі модны дом Dolce&Gabbana зноў вядзе перамовы аб рэфінансаванні доўгу. У мінулым годзе кампаніі ўдалося дамовіцца з крэдыторамі і нават атрымаць новыя пазыкі на суму €150 млн. Але крызіс на рынку люксавых тавараў зацягнуўся, а цяпер яшчэ і пагоршыўся з-за ваенных дзеянняў у рэгіёне Персідскага заліва, піша Office Life.
Агульны доўг Dolce&Gabbana ацэньваецца ў $522 млн. Кампанія хоча знізіць выплаты па ім на некаторы час з-за пагаршэння эканамічнай кан’юнктуры. Праблемы на люксавым рынку закранулі практычна ўсіх гульцоў. У мінулым годзе перамовы аб рэфінансаванні даўгоў з банкамі вялі ўладальнікі брэнда Valentino. А брытанская Gemfields Group увогуле вырашыла сысці з гэтага рынку з-за страт і прадала брэнд Fabergé усяго за $50 млн.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц






