Як стала вядома “Радыё Свабода” ад крыніцы ў Бруселі, у чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага спісу супраць Расеі, які Еўразвяз мае прыняць да другой гадавіны расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага, трапіла беларуская кампанія “Пеленг”, якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю.

“Пеленг” — вядучае прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасці оптыка-электроннай прадукцыі вайсковага і цывільнага прызначэння. Вырабляе і пастаўляе камплектуючыя для вытворчасці расейскай артылерыі і вайсковай тэхнікі (напрыклад, бронетранспарцёраў БТР-82А), якую Узброеныя сілы Расеі выкарыстоўваюць у вайне супраць Украіны.
Раней ААТ “Пеленг” ужо трапіў пад санкцыі ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны.
У Беларусі працуюць над стварэннем комплексу для збіцця дронаў
У Беларусі працуюць над стварэннем комплексу для збіцця дронаў, якія ляцяць на нізкай вышыні. Пра гэта, як пра адну з галоўных задач на 2024 год, распавёў старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус. Паводле яго слоў, іншы важны напрамак дзейнасці — ракетабудаванне.
“Прынята рашэнне па асваенні новых вытворчасцяў, — цытуе словы Пантуса БЕЛТА. — Мы атрымалі цэлы шэраг задач, якія будуць рэалізоўвацца ў самы бліжэйшы час. І мы да гэтай працы ўжо прыступілі”.
Аўтобусы “Нёман” зноў выпускаюць пасля “санкцыйнага” перапынку
Менскі завод колавых цягачоў абвясціў пра аднаўленне серыйнай вытворчасці аўтобусаў “Нёман” сярэдняга класа ў камплектацыі “Прыгарадны”, перадае тэлеграм-канал “Пул 4 Рэгіён”. Заводу ўдалося зрабіць уласнае шасі, якое стала базай для стварэння лінейкі аўтобусаў.
Пасля ўвядзення заходніх санкцый МЗКЦ у 2021 годзе спыніў выпуск гэтых аўтобусаў. Справа ў тым, што яны вырабляліся на базе шасі Iveco Daily. Уся агрэгатная і кампанентная база — дызельны рухавік, трансмісія, рама, падвеска і вядучы мост, электрыка, рулявое кіраванне, панэль у кабіне выраблялася ў Італіі. На вытворчай пляцоўцы ў Лідзе (філіял МЗКЦ) вырабляліся кузавы і ўстанаўліваліся на імпартныя шасі. Калі пастаўкі з Італіі спыніліся, вытворчасць у Лідзе таксама стала. Цяпер праблему ўдалося вырашыць. Рэстайлінг аўтобуса закрануў колавыя аркі, крышку багажніка, зʼявілася новая форма галаўной оптыкі і задніх ліхтароў, а таксама бампер.
Беларусь рыхтуецца наладзіць авіязносіны з Венесуэлай, Кеніяй і Сейшэламі
У Беларусі выконваюцца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры “для арганізацыі падпісання міжнародных дагавораў аб паветраных зносінах з Венесуэлай, Кеніяй і Сейшэламі”. Пра гэта заявілі на выніковай калегіі Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Летась самалёты нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” на рэгулярнай аснове ляталі ў 20 аэрапортаў дзесяці дзяржаў (адкрыты два новыя кірункі з Менска — Дэлі і Мурманск). У беларускую сталіцу пачалі лятаць самалёты пяці замежных перавозчыкаў (усяго з мінскім кірункам працуе 11).
Падпісана міжурадавае пагадненне аб паветраных зносінах з Аманам, працягваюцца перагаворы па развіцці супрацоўніцтва з авіяцыйнымі ўладамі В’етнама, Егіпта, Ірана, Казахстана, Кітая ды іншымі. (Позірк)
Беларускае Радыё Рацыя