Пасля спынення транзіту расейскага газу па тэрыторыі Украіны ў непрызнаным Прыднястроўі спыніўся ўвесь прамысловы сектар, паведамляе unian.net.

Пра гэта ў інтэрв’ю “Навінам Прыднястроўя” распавёў першы намеснік старшыні ўрада Сяргей Абалонік. Ён паведаміў, што запасы дазволяць забяспечваць газам аб’екты, якія не падлягаюць адключэнню, да 10-га (на поўначы) і 20-га студзеня (на поўдні):
“Крызіс мае настолькі цяжкі характар, што няма неабходнасці пералічваць, якія прадпрыемствы спыніліся. Стаяць усе прамысловыя прадпрыемствы за выключэннем толькі тых, хто забяспечвае харчовую бяспеку Прыднястроўя. Для прамысловага сектара няма энергетычнага рэсурсу”.
Абалонік адзначыў, што зараз ад газу адключылі амаль 75 тысяч бытавых абанентаў. 116 тысяч пакуль будуць атрымліваць яго абмежаваную колькасць.
Нагадаем, раней Расея заявіла, што Малдова не выплаціла доўг за пастаўкі газу. Ужо 1 студзеня расейцы прыпынілі пастаўкі газу на тэрыторыю краіны.
У той жа дзень Украіна спыніла транспарціроўку расейскага газу ўласнай газатранспартнай сістэмай, паколькі ў канцы 2024 года скончыўся тэрмін дзеяння старога пагаднення з “Газпромам”.