Вядучыя расейскія аналітыкі выказваюць занепакоенасць, што звяржэнне прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры можа прывесці да падзення сусветных цэн на нафту і мець маштабныя негатыўныя наступствы для эканомікі Расеі.

Нямецкае выданне Bild адзначае, што Венесуэла валодае найбуйнейшымі ў свеце запасамі нафты, аднак у параўнанні з іншымі краінамі АПЕК+ экспарт «чорнага золата» застаецца адносна невялікім. Пры гэтым журналісты падкрэсліваюць: нафтавыя рэзервы Венесуэлы — гэта гіганцкі патэнцыял, які могуць асвоіць амерыканскія энергетычныя карпарацыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо заявіў, што амерыканскія нафтавыя кампаніі будуць працаваць у Венесуэле. З’яўленне дадатковых аб’ёмаў нафты на сусветным рынку, на думку экспертаў, можа прывесці да далейшага зніжэння коштаў.
На гэтым фоне Bild звяртае ўвагу, што цана расейскай нафты маркі Urals ужо ніжэйшая за прагноз Міністэрства фінансаў РФ, закладзены пры планаванні бюджэту на 2026 год. Нафтавыя даходы застаюцца ключавой крыніцай фінансавання вайны Расеі супраць Украіны.
Паводле выдання, Мінфін РФ разлічваў бюджэт на 2026 год, зыходзячы з цаны 59 даляраў за барэль Urals, аднак цяпер яна трымаецца на ўзроўні 50–52 даляры. Далейшае падзенне, папярэджваюць журналісты, можа прывесці да глыбокага бюджэтнага дэфіцыту.
Расейскія аналітыкі лічаць, што звяржэнне Мадуры стане сур’ёзным ударам па эканоміцы так званай «краіны-бензакалонкі». Аналітык Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Ігар Юшкоў яшчэ да магчымай аперацыі ЗША ў Венесуэле заяўляў, што для Масквы «эканамічна і палітычна важна, каб Мадура ўстаяў». Ён таксама выказаў асцярогу, што сцэнар з Венесуэлай можа стаць узорам для далейшых дзеянняў Захаду ў дачыненні да Расеі — з увядзеннем санкцый супраць нафтавага сектара з мэтай аслаблення ўлады.
Пасля паведамленняў пра паспяховыя дзеянні ЗША ў Венесуэле расейскі эканаміст Сяргей Сувероў заявіў мясцовым СМІ, што чакае зніжэння цэн на нафту, паколькі амерыканскія кампаніі змогуць павялічыць пастаўкі на сусветны рынак у бліжэйшыя два–тры гады.
На гэтым фоне паказальным стаў і допіс расейскага алігарха Алега Дзерыпаскі. Паводле яго слоў, захаванне цаны расейскай нафты ніжэй за 50 даляраў за барэль вымусіць Крэмль скарачаць бюджэтныя выдаткі, распрадаваць дзяржаўную маёмасць або яшчэ больш павялічваць падатковае ціск на прыватны сектар.






