Расейскі прэзідэнт Пуцін падпісаў закон аб федэральным бюджэце на 2025-2027 гады, раней зацверджаны парламентам.

У бюджэце закладзены рэкордныя за ўсю гісторыю постсавецкай Расеі расходы на ваенныя патрэбы, перадае Радыё Свабода. У 2025 годзе на «нацыянальную абарону» Расея выдаткуе 13,5 трыльёна рублёў — што звыш 40% усіх выдаткаў краіны. Гэта больш, чым закладзенае ў бюджэце фінансаванне аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай палітыкі і нацыянальнай эканомікі разам узятыя.
Каб пакрыць гэтыя выдаткі, у Расеі з 2025 года вырастуць падаткі на прыбытак, падаткі для малога і сярэдняга бізнесу, падаткі на здабычу газу, нафты і вугалю, таксама вырастуць акцызы на алкаголь, цыгарэты і салодкія напоі. Паводле Асацыяцыі экспарцёраў і імпарцёраў Расеі, у наступным годзе цэны на ўсе прадукты вырастуць прыкладна на 20%, а на паслугі ЖКГ — на 10%.
Даходы краіны, як указана ў законе, у 2025 годзе павінны скласці 40,3 трыльёна рублёў, а выдаткі — 41,47 трыльёна. Дэфіцыт складзе 1,17 трыльёна рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя






