BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Расеі ўхвалены праект дамовы пра агульны энергарынак з Беларуссю

Урад Расеі ўхваліў прадстаўлены Міністэрствам энергетыкі праект дагавора аб стварэнні аб’яднанага энергетычнага рынку Саюзнай дзяржавы.

Ілюстрацыйнае фота: vesti.lv

Дакумент апублікаваны 20 ліпеня на афіцыйным партале прававых актаў.

У ім гаворыцца, што праект узгоднены з МЗС РФ і “іншымі зацікаўленымі федэральнымі органамі выканаўчай улады”, а таксама “папярэдне прапрацаваны з беларускім бокам”.

Пасля зацвярджэння ўрадам дакумент прадстаўлены на подпіс прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.

29 студзеня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея “пакуль цалкам не вызначыліся па самых галоўных пытаннях — гэта тычыцца стварэння адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў”. Паводле сго слоў, ён рэгулярна абмяркоўвае гэтыя пытанні з Пуціным.

Раней Лукашэнка адзначаў, што адзіны энергарынак — гэта адно з ключавых пытанняў, якое трэба ўрэгуляваць у адносінах Масквы і Мінска.

24 траўня ў Менску на сустрэчы з Пуціным Лукашэнка зноў заявіў пра неабходнасць канчатковага ўзгаднення ўмоў паставак расійскіх нафты і газу ў Беларусь.

“Мы абмяркоўваем гэта не першы год, і сёння Уладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэнне. Думаю, урады ў найбліжэйшыя дні ў гэтым рэчышчы дапрацуюць гэтыя пагадненні. Мы дэталёва разабралі ўсе нюансы”, — адзначыў Лукашэнка, не ўдаючыся ў падрабязнасці.

Крыніца: pozirk.online