У Варшаве ўручылі IV Прэмію Free Belarus Business Award, якую ладзіць Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA). Міжнароднае журы вызначыла пераможцаў у 5 намінацыях, сярод якіх былі сацыяльныя ды некамерцыйныя праекты.

Пра тое, хто і чаму атрымаў узнагароды, а таксама як наогул сябе цяпер адчуваюць беларускія бізнесмены, Госця Рацыі – віцэ-прэзідэнт АВВА Марына Гірын – распавяла нашаму радыё.
РР: У якім стане знаходзіцца зараз беларускі бізнес? Наколькі стала складаней?
Марына Гірын: Насамрэч гэтае пытанне надта такое індывідуальнае, і ў аднаго адна і тая ж сфера можа працаваць добра і прыносіць добры прыбытак, а другі бізнесоўца займаецца такім жа самым бізнесам, але церпіць страты. Таму тут трэба аналізаваць усё, чаму так атрымліваецца. Канешне, ад многіх з малога і сярэдняга чуеш водгукі, што сутыкаюцца ўсе з касавым разрывам. І безумоўна, усім, колькі мы нэтворкінгаў праводзім, не хапае кліентаў. Калі там нехта робіць нейкую прадукцыю, вытворчасць, усе шукаюць рынак збыту. І такая, напэўная, асноўная праблема ў мігрантаў – усе б хацелі выйсці на рэгіянальны рынак, а гэта не заўжды адразу атрымліваецца. То бок гэта можа быць звязана з тым, што не да канца разумеюць, калі мы, напрыклад у Польшчы, польскія ўмовы вядзення бізнесу там у той ці іншай галіне. Зноў жа можа быць няведанне дасканала мовы так, каб прапанаваць сваю прадукцыю.
Такія розныя акалічнасці, з якімі бізнесоўцы сутыкаюцца, зноў жа залежаць ад сфер. І шмат жа рэлакантаў з ІТ кампаніяў там, у іх другое – высокія падаткі, якія таксама не хочуць плаціць, а аптымізаваць гэта складана.
РР: Не так даўно адбылася ў вас ужо чацвёртая прэмія, раздалі ўзнагароды.
Марына Гірын: Гэта прэмія для прадстаўнікоў бізнесу, якія адкрылі свой бізнес і пачалі яго весці пасля 2020 года. Спецыяльна была такая ўзнагарода, каб іх падтрымаць. Мы рады, што бізнесы прымаюць удзел, такія нацыянальна арыентаваныя, якія ў сваім бізнесе робяць акцэнт на беларускасць
РР: Гэта ж ужо чацвёртая прэмія? Як яна змянілася з першага свайго разу?
Марына Гірын: Яна, можна сказаць, не змянілася, гэта быў кантракт з Еўракамісіяй, падпісаны на два гады. Мы ў рамках гэтага кантракту павінны былі правесці чатыры прэміі. Якраз мы іх зараз і правялі. То бок там былі розныя намінацыі. На сённяшні момант можна сказаць, што гэты праект у такім выглядзе скончаны. Я б тут дадала, што мы падпісалі новы кантракт з Еўрапейскай камісіяй, мне надта хацелася, каб гэты конкурс быў працягнуты.
І ён будзе працягнуты, ім таксама падабаецца гэты праект. Але ён будзе пад іншай назвай і будзе зменены, то бок мы будзем праводзіць адзін конкурс на год, і там будзе не матэрыяльная ўзнагарода ў якасці грошай, а будзе такая нематэрыяльная ўзнагарода. Вось мы якраз распрацоўваем зараз самі правілы, рэгламент. Там будзе на пэўную суму куплены адукацыйны курс для пераможцы. І будзе яшчэ такі аналіз іх бізнесу. Будзе ментар, які зробіць рэкамендацыі, але дакладна зараз не магу падрабязней расказаць, бо гэта ўзнагарода ў распрацоўцы. Яна таксама будзе на пэўную суму. Але гэтую суму ўжо мы аплацім.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З Марынай Гірын гутарыла нашая журналістка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






