BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У вялікіх гарадах Беларусі растуць продажы нерухомасці

Першы квартал года прайшоў пад знакам высокага попыту не толькі ў Менску, але і па ўсёй Беларусі – ва ўсіх абласных цэнтрах колькасць набытых кватэр павялічылася адносна мінулага года.

Сталічны попыт у студзені-сакавіку быў рэкордным за ўсю гісторыю назірання – штомесяц заключалася максімальная для гэтых месяцаў колькасць здзелак з кватэрамі. У параўнанні з першым кварталам мінулага года колькасць здзелак куплі-продажу павялічылася на 23%. Сярод абласных цэнтраў істотней за ўсё попыт вырас у Гародні, дзе за студзень-сакавік была набыта амаль 1000 кватэр, што на 70% вышэй за мінулагодні ўзровень. Сумарны попыт у рэгіёнах быў вышэйшы за мінулагодні ўзровень на 18 працэнтаў. (polskieradio.pl)

Больш за чвэрць кормаўборачных камбайнаў не гатова да працы

Не ва ўсіх рэгіёнах прымаюцца “дастатковыя меры” па рамонце і максімальным задзейнічанні ў працы ўсёй наяўнай кормаўборачнай тэхнікі, а таксама па забеспячэнні сельгасарганізацый неабходнай колькасцю механізатараў, гаворыцца ў справаздачы Камітэта дзяржаўнага кантролю  па выніках маніторынгу 57 гаспадарак.

“Праведзеныя кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што на 25 красавіка ў сельгасарганізацыях былі няспраўнымі 28% кормаўборачных камбайнаў, 23% касілак трактарных, 22,2% прэс-падборшчыкаў”, — адзначае ведамства, звяртаючы ўвагу на “недастатковую гатоўнасць” спецыяльнай тэхнікі ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Да таго ж у некаторых гаспадарках кантралёры ўстанавілі “факты прыпісак гатоўнасці тэхнікі”.

За страты абласных аэрапортаў заплацяць мясцовыя ўлады

Страты абласных аэрапортаў будуць часткова кампенсаваць з мясцовых бюджэтаў. Міністэрства транспарту Беларусі ўстанавіла, што частка затрат па ўтрыманні інфраструктуры абласных аэрапортаў кампенсуецца ў межах сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на гэтыя мэты. Пастанова апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня. Дакумент узгоднены з Берасцейскім, Віцебскім, Гомельскім і Магілёўскім аблвыканкамамі.

Украінскае войска атрымала канфіскаваныя беларускія трактары

Кіеўская мытня перадала Узброеным сілам Украіны чатыры трактары беларускай вытворчасці, якія канфіскавалі ў прадпрымальнікаў пры спробе незаконнага ўвозу тэхнікі на ўкраінскую тэрыторыю. Згодна з паведамленнем, пры дапамозе гэтай тэхнікі будуць узводзіць фартыфікацыйныя загароды на поўдні Украіны, паведамляе Радыё «Свабода». Украінская мытня не ўдакладніла кампанію, у якой канфіскавалі беларускую тэхніку.

Першая вялікая АЭС у Польшчы з’явіцца пазней, чым чакалася

Вялікая атамная электрастанцыя ў Польшчы, хутчэй за ўсё, будзе запушчана прыкладна ў 2040 годзе. Гэта рэалістычны тэрмін. Заяўлены 2033 год немагчыма захаваць, заявіла міністр прамысловасці Мажэна Чарнэцкая на Еўрапейскім эканамічным кангрэсе, які праходзіць у Катавіцах.  

Кангрэс на працягу трох дзён працы мае сабраць каля 11 тысяч стацыянарных удзельнікаў і яшчэ прыкладна столькі ж анлайн. Запланаваныя 170 тэматычных сесій і 1200 выступоўцаў. Сёмага траўня, у першы дзень працы кангрэсу, выступілі яго спецыяльныя госці – польскі прэм’ер Дональд Туск і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: realt.by/grodno-region