BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Жлобіне ліквідуюць фабрыку, дзе вырабляюць штучнае футра

Тэлеграм-канал «Свабодны Жлобін» паведаміў, што ў райцэнтры ходзяць чуткі пра ліквідацыю прадпрыемства БЕЛФА — найбуйнейшага ў Еўропе вытворцы штучнага і ваўнянага футра на трыкатажнай аснове. Паводле звестак канала, ліквідацыя прадпрыемства можа адбыцца гэтай восенню. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэта не было.

Штучнае футра, вырабленае на Жлобінскай фабрыцы.

Фабрыка знакамітая тым, што яе футра выкарыстоўвалі мясцовыя ўмельцы для шыцця мяккіх цацак, якімі славіўся Жлобін — асабліва ў 2000-х гадах, калі на вакзале райцэнтра прадаўцы яркіх цацак масава атачалі цягнікі. Як піша «Флагшток», па выніках мінулага года чыстыя страты прадпрыемства сталі рэкорднымі і склалі 3 мільёны 159 тысяч рублёў (больш за 1 мільён даляраў). Цяпер прадпрыемства вядзе распродаж прадукцыі, якая назапасілася на складах.

У Гародні не працуе больш за 20% працаздольнага насельніцтва

Сенсацыйную лічбу беспрацоўя апублікавала журналістка тэлеканала “Гродна плюс”. Яна, як заўважыла “Салідарнасць”, пабывала на планёрцы ў старшыні Гарадзенскага гарвыканкама і напісала ў сацсетках такі пост: “Больш за 20% працаздольнага насельніцтва горада “не працуюць”. А, значыць і не плацяць падаткі. Пытанне: за чый кошт яны карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі выгадамі?”

Дарэчы, паводле афіцыйных звестак, на 1 жніўня ў Гародні на ўліку па беспрацоўі было ўсяго 813 чалавек. “Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў (па ацэнцы) 0,2 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва і ва ўсіх рэгіёнах вобласці не выходзіць за рамкі прагнознага”, — паведамляецца на сайце Гарадзенскага аблвыканкама.

Кітайцы “падсядаюць” на беларускую гарэлку

Паводле даных кітайскай статыстыкі, у бягучым годзе КНР значна павялічыла імпарт моцнага алкагольнага напітку з Беларусі. За другі квартал гэты імпарт склаў больш за 664 тысячы даляраў, піша Myfin. Летась было ўдвая менш.

У вартасным выражэнні топ-5 пастаўшчыкоў гарэлкі на кітайскі рынак у студзені – чэрвені скалі Швецыя, Расея, Беларусь, Італія і Вялікабрытанія.

Беларускія школьнікі адправяць у космас памідоры

Вучні гімназіі №1 горада Іўе адправяць насенне памідораў у космас. Падрабязнасці расказалі ў Міністэрстве адукацыі, піша Office Life.

Разам з расейскімі школьнікамі вучні беларускай гімназіі ўдзельнічаюць у навуковым эксперыменце “У космас са сваім памідорам”. Запуск біяспадарожніка “Біён-М” №2 запланавалі на сярэдзіну жніўня з касмадрома Байканур. Насенне замацуюць на вонкавым боку апарата: іх чакаюць бязважкасць, касмічная радыяцыя і ледзяны холад. Іх забяруць унутр толькі перад пасадкай. Пасля вяртання на Зямлю, якое запланавана ў верасні, насенне вернуць школьнікам. Пасля гэтага пачнецца іх вывучэнне.

Іўе лічыцца неафіцыйнай “памідорнай сталіцай” Беларусі. Школьнікі працуюць у звязку з Інстытутам медыка-біялагічных праблем РАН.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: factories.by.