BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украіна і ЕЗ абмяркоўваюць новыя ўмовы экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі

Еўрапейскі Звяз (ЕЗ) аднавіў даваенныя мыты і квоты на ўкраінскую сельскагаспадарчую прадукцыю. У Еўразвязе спадзяюцца заключыць дамову аб новых квотах, піша Reuters са спасылкай на камісара ЕЗ па сельскай гаспадарцы Крыштафа Хансена.

Адзначаецца, што Еўразвяз часова адмяніў пошліны і квоты на сельскагаспадарчую прадукцыю з Украіны ў чэрвені 2022 года. Гэта было зроблена, каб дапамагчы краіне кампенсаваць больш высокія выдаткі на экспарт, паколькі Расея паставіла пад пагрозу традыцыйныя чарнаморскія суднаходныя шляхі.

5 чэрвеня тарыфныя льготы скончыліся, пасля чаго Украіна і ЕЗ вярнуліся да даваеннага рэжыму гандлёвых квот. Цяпер жа бакі вядуць перамовы аб новым доўгатэрміновым пагадненні.

У агенцтве падкрэслілі, што Еўразвяз імкнецца знайсці баланс паміж падтрымкай Украіны і ўлікам асцярог еўрапейскіх фермераў наконт больш таннага ўкраінскага імпарту.

У сезоне 2022/23 гадоў імпарт украінскага цукру ў Еўразвяз рэзка вырас да 400 000 тон і да больш чым 500 000 тон у сезоне 2023/24 гадоў. Гэта значна перавышае даваенную квоту ў 20 000 тон.

Па словах Хансена, новыя квоты на ўкраінскі цукар будуць значна вышэй, чым тыя, якія былі ўстаноўлены ў даваенных пагадненнях.

“Я думаю, што мы зможам паглынуць пэўную колькасць гэтых прадуктаў”, – падкрэсліў ён.

Хансэн адзначыў, што перамовы па новым пагадненні паміж Украінай і Еўразвязам пачаліся 2 чэрвеня. Ён запэўніў, што бакі могуць заключыць новы дагавор ужо летам гэтага года.