BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украіна і пасля вайны не плануе рабіць закупкі ў Беларусі

Урад Украіны ініцыіраваў забарону набыцця паслуг і тавараў у Беларусі, Расеі і Іране ў пасляваенны перыяд. Законапраект прадугледжвае шэраг змен у працэдуру публічных закупак.

Кабінет міністраў Украіны ўхваліў і перадаў на разгляд парламента праект закона аб забароне публічных закупак у кампаніях, звязаных з Расеяй, Беларуссю і Іранам для аднаўлення краіны ў пасляваенны перыяд. Таксама законапраект прадугледжвае ўкараненне нормаў Еўразвязу ў працэс публічных закупак (тэндэраў). (паводле РС)

Прамысловая вытворчасць у Беларусі паказвае рост

За студзень-ліпень аб’ёмы вытворчасці ў прамысловасці выраслі на 7,5% у параўнанні з такім жа леташнім перыядам. У грашовым выражэнні ўвесь аб’ём склаў 116,8 млрд рублёў, паведамляе Белстат.

Да прыкладу, у горназдабыўной прамысловасці рост склаў 4,7%, у апрацоўчай — 7,7%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — 7,7%.

Па рэгіёнах найлепшы паказчык у працэнтах — у Гарадзенскай вобласці (13,4%). Менш за ўсё рост у Гомельскай вобласці (1,9%). (НН)

Беларусы сталі больш эканоміць у рублях, а не ў валюце

Нацыянальны банк Беларусі прадставіў вынікі абследавання адносна прыцягнення банкаўскіх укладаў фізічных асоб за другі квартал. Па стане на першага ліпеня беларусы трымалі ў банках амаль 18 мільярдаў рублёў, пры гэтым 51,5% склалі рублёвыя ўклады. Пры гэтым агульная колькасць укладчыкаў зменшылася на 1 мільён чалавек пераважна за кошт асоб, , якія размяшчалі сродкі ў замежнай валюце.

Сярэдняя сума ўкладу на аднаго фундатара па стане на 1 ліпеня склала 17 тысяч рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 214 рублёў.

Палякі надалей не хочуць пераходзіць на еўра

Агульная падтрымка ўвядзення еўра ў Польшчы за некалькі гадоў знізілася з 34,9% да 30,7%. Супраць агульнай валюты выступае 56,5 працэнтаў. Такія высновы апытання, праведзенага на замову Фонду эканамічнай свабоды, піша Rzeczpospolita. У сёлетнім апытанні назіраецца асабліва моцнае зніжэнне падтрымкі прыняцця еўра сярод жанчын.

Апошняе даследаванне паказвае праблемы, звязаныя з увядзеннем еўра. Больш за палову апытаных успрымаюць пераход на адзіную валюту на працягу некалькіх гадоў як змены, да якіх яны недастаткова падрыхтаваныя, – адзначае адзін з аўтараў апытання доктар Роберт Собех з Collegium Civitas.

Старшыня Фонду эканамічнай свабоды Марэк Татала мяркуе, што тэма ўступлення Польшчы ў зону еўра цяпер не папулярная. На яго думку, так сталася між іншым з-за недахопу інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці.

Беларускае Радыё Рацыя