Украінскае Агенцтва па вышуку і менеджменце актываў прадало 50 вагонаў хларыду калію вытворчасці прадпрыемства «Беларуськалій». Усяго ў гэтых вагонах было больш за 3 тысячы 400 тон калію, за якія Украіна атрымала больш за 36 мільёнаў грыўняў, або прыкладна 800 тысяч еўра. Вядома, што гэтыя сродкі пойдуць у тым ліку на закупку вайсковых аблігацый.

У канцы 2024 года Агенцтва абвясціла аўкцыён па продажы 30 тысяч тон арыштаванай прадукцыі «Беларуськалія». Агулам жа з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне арыштавалі 433 вагоны з хімічнай прадукцыяй беларускай вытворчасці. Пры гэтым у пачатку сакавіка Агенцтва ўжо рэалізавала 61 вагон беларускага калію прыкладна на 1 мільён еўра.
Якія грошы часцей падрабляюць у Беларусі?
За мінулы год у Беларусі выявілі 795 фальшывых грашовых знакаў — іх агульная колькасць зменшылася на 28,1% у параўнанні з пазамінулым годам. Асноўную долю склалі падробленыя даляры — 83,1%, далей ідуць расейскія рублі (9,1%), еўра (6,8%) і беларускія рублі (0,9%), паведамляе Нацбанк.
У параўнанні з 2023 годам колькасць падробленых даляраў зменшылася на 31,9%, а беларускіх рублёў — на 66,7%. Падробкі былі выяўлены ў 60 населеных пунктах, піша «Наша Ніва».
Крадзяжы і хабар у сельскай гаспадарцы
У 2024 годзе чвэрць усіх эканамічных злачынстваў была здзейсненая ў сельскай гаспадарцы, з іх 30% звязана з «незаконным абаротам» буйной рагатай жывёлы, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, словы якога цытуе «Позірк».
– У гэтым годзе ў названай сферы ўжо распачата 66 крымінальных спраў за крадзяжы, хабары, утойванне падзяжу, — падкрэсліў міліцэйскі чыноўнік.
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ў адной з гаспадарак Талачынскага раёна (Віцебская вобласць), дзе дырэктар прадпрыемства “са студзеня па сакавік з мэтай утойвання падзяжу буйной рагатай жывёлы даваў падпарадкаваным работнікам незаконныя ўказанні аб рэалізацыі туш мясцоваму жыхару”. У афіцыйныя дакументы, паводле яго слоў, уносіліся “загадзя фальшывыя звесткі пра ўнутрыгаспадарчы забой жывёл”. Казакевіч сцвярджае, што “аналагічныя факты выяўленыя ва ўсіх рэгіёнах”.
З красавіка ў Беларусі рэзка падаражэюць цыгарэты
Міністэрства па падатках і зборах абнародавала заяўленыя максімальныя рознічныя цэны, якія выставілі беларускія вытворцы і імпарцёры на красавік. Даражэюць шматлікія брэнды – асабліва пайшлі ўверх ліцэнзійныя брэнды BAT. Нагадаем, што ліцэнзіярам брытанскай тытунёвай карпарацыі ў Расеі і Беларусі з’яўляецца зарэгістраваная ў ААЭ кампанія ITMS. Яе ўладальнікі – былыя менеджэры BAT ў Расеі.
Брэнды BAT даражэюць ва ўсіх беларускіх вытворцаў, хто супрацоўнічае з ITMS, – Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”, “Тытунь-інвеста”, “Сентоні Пра”, “Алідзі-Вест”. Рост цэн складзе ад 5 да 30 капеек.
Беларускае Радыё Рацыя.






