22 снежня Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла законапраект аб спыненні дзеяння пагаднення паміж урадамі Беларусі і Украіны аб свабодным гандлі. Таксама спыненае дзеянне пратаколаў да пагаднення.

Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале прадстаўнік ураду ў парламенце Тарас Мельнічук. Пагадненне было падпісанае ў снежні 1992 году. Яго дзеянне спыняецца «ў сувязі з карэннай зменай абставінаў». У Міністэрстве эканомікі Украіны назвалі гэты крок «зачысткай нарматыўна-прававога поля ад смецця».
«Зразумела, што ніякага гандлю паміж Украінай і дзяржавай-агрэсарам і сатэлітам Расеі — Беларуссю — не існуе ўжо амаль два гады як з’явы. Прынятымі рашэннямі мы толькі прыводзім дамоўна-прававую базу ў адпаведнасць з рэаліямі», — заявіў намеснік міністра эканомікі Украіны — гандлёвы прадстаўнік Украіны Тарас Качка. Цягам 2022 і першай паловы 2023 года Украіна дэнансавала (выйшла або спыніла дзеянне) больш за 30 міжнародных дакументаў, якія вызначалі супрацу з Беларуссю ў розных сферах.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не збіраецца разрываць ь Беларуссю дыпламатычныя адносіны.
Фота: https://t.me/tmelnychuk






