Беларуская прамысловасць павінна скарэкціраваць экспартную стратэгію, заявіў міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў. Чыноўнік адзначыў важнасць дыверсіфікацыі рынкаў збыту і неабходнасць актывізаваць усе напрамкі экспарту. Ён прыгадаў формулу 30-30-30.
— Мы імкнёмся, каб гэта формула ўвайшла ў жыццё, і максімальна ў бліжэйшыя гады пастараемся дыверсіфікаваць па гэтым напрамку свае экспартныя пастаўкі, – заявіў Яфімаў па БТ.
Як адзначае reform.news, пад стратэгіяй 30-30-30 мелася на ўвазе, што ў роўных долях прадукцыя павінны экспартавацца ў краіны ЕАЭС, Еўразвязу і далёкае замежжа. Міністр Яфімаў не ўдакладніў, якія накірункі ўкладаюцца ў гэтую стратэгію цяпер, паколькі пастаўкі значнай часткі прамысловых тавараў з Беларусі ў Еўразвяз забароненыя санкцыямі.
Кватэры ў Варшаве такія ж дарагія, як і ў Дубаі
За апошнія чатыры кварталы цэны на кватэры ў Варшаве растуць больш як на 16% год да года. З 25-ці сусветных мегаполісаў толькі ў Дубаі сітуацыя была крыху горшая. Але адносна заробкаў цэны на нерухомасць у польскай сталіцы адны з самых нізкіх, піша money.pl.
Цэны на кватэры сталі адарванымі ад рэчаіснасці – гэта звычайная ацэнка сітуацыі на польскім рынку нерухомасці. І гэта не дзіўна. Дадзеныя Нацбанка Польшчы паказваюць, што ў перыяд з сакавіка па травень кошт здзелак на першасным рынку ў 10 найбуйнейшых гарадах Польшчы вырас амаль на 15% год да года. У сталіцы сітуацыя горшая. У другім квартале кошт здзелак на першасным рынку вырас амаль на 22% год да года, а ў папярэднім квартале на 24,1%. Большы рост цэн Нацбанк зафіксаваў толькі аднойчы — у 2007 годзе. Аднак, заўважаюць эксперты, усё ж рост цэн на нерухомасць адпавядае тэмпам росту заробкаў і арэнднай платы.
Звыш 80% кампаній па распрацоўцы нейрасетак банкрутуюць
Новае даследаванне міжнароднай аналітычнай карпарацыі RAND паказала, што звыш 80% сусветных праектаў у галіне штучнага інтэлекту церпяць паразу і сутыкаюцца з банкруцтвам, што ўдвая перавышае сярэдні паказчык няўдач для тэхналагічных стартапаў у іншых сферах. Напрыклад, у Кітаі за апошнія паўтара года закрыліся або прыпынілі сваю дзейнасць каля 80 тысяч ШІ-кампаній, што складае каля 10% ад усіх зарэгістраваных за гэты перыяд кітайскіх стартапаў па распрацоўцы нейрасетак.
Апытаўшы 65 спецыялістаў у галіне ШІ з розных краін, карпарацыя RAND склала спіс асноўных прычынаў такой негатыўнай тэндэнцыі. Галоўная з іх — нерэалістычныя чаканні кіраўніцтва і супрацоўнікаў стартапаў адносна магчымасцяў ШІ, якія грунтуюцца на стэрэатыпных уяўленнях, сфармаваных дзякуючы масавай культуры. Гэта вычэрпвае рэсурсы кампаній, якія ганяюцца за нязбытнымі марамі. Таксама называюцца высокія выдаткі на даследаванні, адсутнасць неабходнай інфраструктуры ды іншыя прычыны.
Беларускае Радыё Рацыя