BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Улады хваляцца эканамічнымі дасягненнямі, але «нешта не так»

Перад электаральнай кампаніяй 2025 года дзяржпрапаганда актыўна прасоўвае наратывы, што нібыта за апошні тэрмін, што Лукашэнка ўтрымлівае ўладу, жыццё беларусаў стала лепшым. Прапаганда выхваляецца тым, што другі год запар тэмпы росту эканомікі Беларусі пераўзыходзяць сярэднесусветны ровень. Але за апошнія 5 гадоў ВУП Беларусі вырас прыблізна на 6%. За гэты ж перыяд ВУП Літвы вырас на 15%, а ВУП Польшчы на 18%, падлічыла «Наша Ніва».

Іншым галоўным дасягненнем апошняга тэрміну называюць рост рэальных заробкаў на 25,3% за гэты перыяд. Але цяперашнія заробкі з папраўкай на інфляцыю даляра не дацягваюць да паказчыкаў 11-гадовай даўніны. Тады было 709 даляраў «на рукі», а на верасень мінулага года было 624 даляры.

Што будзе з курсам валют у Беларусі?

Сваім прагнозам з нагоды курсу даляра ў Беларусі ў эфіры Еўрарадыё падзялілася Аліса Рыжычэнка, экспертка ў сферы дзяржаўнага кіравання і эканомікі. На яе погляд, да выбараў рэзкіх скачкоў курсу даляра ў Беларусі чакаць не варта. Аднак ён будзе павольна, але ўпэўнена паўзці ўверх.

— Да выбараў [улады] будуць рабіць захады па валютных інтэрвенцыях, гэта значыць па падтрыманні курсу з дапамогай золатавалютных рэзерваў. Плюс курс валюты ў нас фармуецца на аснове попыту і прапановы на рынку. І якраз за 9 месяцаў у нас сфармавалася чыстая прапанова валюты на рынку. Беларусы выступілі чыстымі прадаўцамі валюты, — тлумачыць свой прагноз Аліса Рыжычэнка.

Дык што рабіць?  — У абменнік бегчы не позна, купляць валюту трэба заўсёды, хай і невялікімі сумамі. Калі ёсць магчымасць, лепш захоўваць свае зберажэнні ў замежнай валюце, — адказвае эканамістка.

У Кітаі знайшлі буйныя паклады золата

Як паведаміла агенцтва “Сіньхуа” са спасылкай на геалагічнае ўпраўленне кітайскай правінцыі Хунань, у рэгіёне былі знойдзены буйныя запасы золата.

Кошт каштоўнага металу ў больш як сарака залатаносных жылах на радовішчы Ваньгу ацэньваецца ў 600 млрд юаняў ($82,8 млрд). У агульнай складанасці ў асноўнай зоне пошукаў было выяўлена 300,2 тоны золата. Паводле ацэнак спецыялістаў, усяго на глыбіні больш за 3 тыс. метраў можа знаходзіцца больш за 1 тыс. тон золата.

Варта адзначыць, што Кітай з’яўляецца самым буйным у свеце вытворцам золата – у 2023 годзе на долю краіны прыйшлося каля 10% глабальнай вытворчасці гэтага каштоўнага металу.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае Аляксандра Побата.