Улады Літвы прынялі рашэнне прадаць на аўкцыёне беларускую грузавую тэхніку, канфіскаваную за парушэнне санкцый. Пра гэта заявіла генеральны пракурор краіны Ніда Грунскене.

Фота: ААТ «МАЗ»
Усяго гаворка ідзе пра 17 малакавозаў і 17 пажарных машын. Малакавозы прызначаліся для Кубы, пажарныя аўтамабілі — для Зімбабвэ, аднак у 2023 годзе яны былі затрыманыя ў порце Клайпеды, піша выданне Bernardinai.
Як мяркуюць у Вільні, экспарт такой тэхнікі з Беларусі парушае міжнародныя санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Таму машыны былі арыштаваныя, а цяпер — пастаўленыя на продаж.
Ніда Грунскене падкрэсліла, што Літва спадзяецца: пакупнікі перададуць гэтыя грузавікі Украіне, якая востра мае патрэбу ў тэхніцы.






