BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Улады маюць намер амаль утрая павялічыць аб’ём дзяржінвестыцый

Кансалідавана з усіх бюджэтаў на дзяржаўныя інвестыцыі спатрэбіцца каля 6,5 млрд рублёў (каля 1,9 млрд долараў), паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Такія даныя ўтрымліваюцца ў праекце Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на бягучы год.

У аналагічным дакуменце на мінулы год аб’ём інвестыцый быў запланаваны на ўзроўні 2,1 млрд рублёў. Такім чынам, у доларавым эквіваленце інвестыцыі плануецца павялічыць у 2,9 раза, падлічыў «Позірк». Пры гэтым сам праект інвестыцыйнай праграмы Лукашэнка не прыняў і загадаў адправіць яго на дапрацоўку, маўляў, трэба эканоміць і яшчэ раз эканоміць.

Катэдж Цапкалаў не ўдалося прадаць і з другога разу

Рэжым Лукашэнкі і з другога разу не змог прадаць катэдж, які належыць сям’і палітэмігрантаў Валерыя і Веранікі Цапкалаў ды размяшчаецца ў менскім мікрараёне Сляпянка. Аўкцыён не адбыўся з-за адсутнасці ўдзельнікаў.  Першы раз улады спрабавалі прадаць катэдж плошчай амаль 420 квадратных метраў за 2 млн 104 тыс. рублёў. На другіх таргах стартавы кошт склаў 1 млн 683 тыс. 200 рублёў.

Арганізацыя «Белюрзабеспячэнне» папярэджвае патэнцыйных пакупнікоў, што маёмасць арыштаваная і ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх.

Чыноўнікі Мінздароўя патлумачылі, чаму растуць цэны на лекі

Рост цэн на лекі ў Беларусі адбываецца праз… рэгуляванне цэн на лекі. Пра такі парадокс сведчыць закрытая справаздача Мінздароўя, якую Еўрарадыё атрымала дзякуючы “БелПол”. “Павышэнне індэкса [цэн] абумоўлена, перш за ўсё, ростам курсаў валют, а таксама наступствамі стрымлівання росту цэн на лекавыя прэпараты”, — гаворыцца ў дакуменце.

Паўтараецца сітуацыя з цэнамі на прадукты: калі ўлады стрымліваюць цэны на адны пазіцыі, пастаўшчыкам і вытворцам не застаецца нічога іншага акрамя павышэння цэн на іншыя.

Польшча мае амбітныя мэты

200 мільярдаў злотых (46,5 млрд еўра) – такую падтрымку атрымаюць польскія прадпрыемствы з фондаў Еўразвязу і Нацыянальнай праграмы адбудовы. Грошы пойдуць на інавацыі, у тым ліку лічбавізацыю, прасоўванне польскіх прадуктаў за мяжой і развіццё штучнага інтэлекту. Пачаўся чарговы этап прыём заявак. Міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчыньска-Налэнч сказала, што інавацыі польскіх прадпрыемстваў трэба перавесці на новыя рэйкі:

 — Сёння з пункту гледжання інавацый сярод 27 краін-сяброў Еўразвязу Польшча займае 23-е месца. Гэта дрэнна, і мы мусім гэта змяніць. У нас вялікія амбіцыі, каб цягам бліжэйшага дзесяцігоддзя Польшча ўвайшла ў першую дзясятку найвялікшых наватараў ЕЗ.

Падаваць заяўкі на падтрымку можна да 28 сакавіка, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: OL.