BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Улады пераконваюць, што праблемы з цыбуляй – не сюрпрыз

Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец у эфіры тэлеканала СТБ паведаміў, што праблемы з цыбуляй, якія апошнім часам сталі відавочнымі, у ведамстве былі чаканымі. Нібыта яшчэ раней у міністэрстве ведалі, што ў канцы міжсезоннага перыяду сітуацыя будзе складанай.

Чыноўнік патлумачыў, што крамы прадаюць тыя тавары, якія паступаюць ад пастаўшчыкоў, і выконваюць вызначаны асартымент. Пры гэтым людзі часта заўважаюць менавіта негатыў, кажучы, што зніклі цыбуля, бульба, макароны — але гэта звязана і з пакупніцкімі перавагамі.

Цяпер, кажа Вежнавец, якраз травень — канец міжсезоння, і гэта натуральна, што з пастаўкамі некаторых прадуктаў могуць быць цяжкасці. Таксама чыноўнік адзначыў, што раней праблем з цыбуляй не ўзнікала, таму што ўлады арганізоўвалі пастаўкі цыбулі ў крамы “практычна ў ручным рэжыме”.

Затрымалі 11 менеджараў сеткі сэканд-хэндаў

У Гомельскай вобласці распачалі крымінальную справу супраць уладальнікаў сеткі крам па продажы патрыманых рэчаў. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, махлярстве і ўдзеле ў злачыннай групе. Сама сетка не называецца. Але імаверна, гэта крамы “Адзенне з Еўропы” — іх шыльда была паказана ў сюжэце тэлебачання. Гэта адна з трох самых буйных сетак сэкандаў краіны.

Супрацоўнікі камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці заявілі, што службовыя асобы кампаніі арганізавалі схему ўхілення ад падаткаў. Яны стварылі яшчэ 12 кампаній, аформілі на іх новыя гандлёвыя кропкі і падзялялі паміж імі выручку. Гэта дало магчымасць беспадстаўна карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. У выніку бізнесмены не заплацілі больш за 3,8 мільёна рублёў падаткаў. Затрыманыя 11 чалавек.

Пад Менскам з’явіцца новая дарога за мільён даляраў

Жылы комплекс «Зялёная гавань» і Калодзішчы (раён вуліцы Танкавай) звяжа новая дарога. Праект транспартнай магістралі працягласцю 3,5 км гатовы, забудоўшчык пачаў працэдуру адвядзення зямель. Рух па новай дарозе плануюць пусціць ужо сёлета ўвосень, піша Onliner.Вядома, што праезная частка будзе мець па адной паласе ў кожны бок. Будаўніцтва плануюць пачаць у бліжэйшы час. Кошт аб’екта складзе каля 1 мільёна долараў. Таксама атрымана папярэдняе ўзгадненне на запуск грамадскага транспарту ў жылы комплекс.

Грошы ў далярах можна будзе пазычаць толькі ў блізкіх сваякоў

У Палату прадстаўнікоў унесены законапраект, які павінен сур’ёзна змяніць правілы пазык паміж грамадзянамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і арганізацыямі, паведамляе «Анлайнер». Сярод ключавых змен:

— забарона на пазыкі ад ІП і юрыдычных асоб — якія не маюць статусу мікрафінансавай арганізацыі, — выключэнне зробяць толькі для ўласных работнікаў;

— нельга будзе пазычаць грошы ў замежнай валюце, калі пазычальнік і той, хто дае грошы, не з’яўляюцца блізкімі сваякамі;

— пад забарону трапяць пазыкі пад заклад адзінага жылля і так далей.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.