BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Улады правяраюць наяўнасць бульбы ў крамах Беларусі

Камітэт Дзяржаўнага кантролю вырашыў праверыць наяўнасць беларускай бульбы ў крамах. Праверкі праходзяць па ўсёй краіне з дапамогай мясцовых органаў улады. Таксама вывучаюцца цэны на тую бульбу, якая ў крамах усё ж знойдзецца.

«У выпадку выяўлення парушэнняў Камітэтам дзяржкантролю будуць прымацца меры рэагавання, у тым ліку магчымае прыпыненне дзейнасці гандлёвых аб’ектаў», – заявілі ў камітэце. Акрамя таго, жыхарам прапануюць паведамляць пра адсутнасць бульбы ў крамах і пра цэны на бульбу на гарачую лінію Камітэта.

Праблемы з бульбай абвастрыліся ў пачатку сакавіка. Мяркуецца, што гэта звязана найперш з тым, што айчынныя вытворцы актыўна прадаюць бульбу на расейскі рынак па больш высокім кошце.

Аўтарынак Беларусі ў красавіку асеў на 10%

Продажы аўтамабіляў з салонаў дылераў, якія ўваходзяць у склад Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у красавіку скараціліся да папярэдняга месяца на 9,9%. Як паведамілі ў БАА, было прададзена 3859 аўтамабіляў супраць 4281 адзінак у сакавіку. Але ў Асацыяцыі не бачаць у гэтым вялікай праблемы:

«У цэлым сітуацыю на рынку можна характарызаваць як стабільную. Пра тэндэнцыі руху рынку, якія намеціліся, у тым ліку з улікам уплыву на яго ўмоў аўтакрэдытавання і аўталізінгу, можна будзе меркаваць па выніках другога квартала», – пракаментаваў вынікі генеральны дырэктар «БелДжы» Генадзь Свідзерскі, піша выданне «Беларусы і рынак».

Палац Радзівілаў прадаюць даражэй, чым першапачаткова

Палац сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Дзятлаве доўгі час безвынікова спрабавалі прадаць. Набылі яго некалькі гадоў таму, толькі калі цану знізілі да сімвалічных трох базавых. Цяпер палац ізноў прадаецца. Палац Радзівілаў у Дзятлаве выставілі на электронныя таргі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць». Райвыканкам прапануе купіць яго за 296 тысяч рублёў (каля 90 тысяч даляраў) з задаткам 30 тысяч рублёў, якія трэба выплаціць перад аўкцыёнам, піша nashaniva.com.

Гэты помнік архітэктуры прадалі ў лістападзе 2022 года, цану за ўвесь будынак знізілі да 3 базавых велічынь, з’явіўся адзіны пакупнік — расейскі бізнесовец. Аднак за тры гады ніякіх заўважных змяненняў на тэрыторыі палаца ў Дзятлаве не адбылося, таму дзяржава яго вярнула пад свой кантроль. Цяпер яго прапануюць купіць за цану, якая ў тры тысячы разоў перавышае тую, за якую прадалі першы раз.

Расце колькасць палякаў з «грошавымі» пенсіямі

Больш за 437 тысяч чалавек у Польшчы атрымліваюць пенсіі ніжэйшыя за мінімальную, вынікае з дадзеных, прадстаўленых ZUS падчас пасяджэння сеймавага камітэта па пытаннях пенсійнай палітыкі. Праблема так званых «грошавых» пенсій тычыцца ў асноўным жанчын і з кожным годам становіцца ўсё больш вострай.

Сярэдні памер такіх пенсій складаў каля 1200 злотых, хоць, як адзначыў прадстаўнік ZUS, каля пяцісот чалавек атрымліваюць пенсіі ніжэйшыя за 10 злотых, а два чалавекі — усяго два грошы. Як паведаміў прадстаўнік Міністэрства сям’і, прычыны такіх нізкіх пенсій розныя — ад рашэнняў, прынятых застрахаванымі асобамі, да спецыфікі рынку працы ў перыяд трансфармацыі, піша money.pl.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.