Пасля таго, як эпідэмія «свінога грыпу» ў 2013-2014 выкасіла свінагадоўчыя комплексы Беларусі, краіна ўсё ніяк не можа вярнуцца ад ранейшага ўзроўню вытворчасці свініны. Такую выснову можна зрабіць, калі азнаёміцца са зместам дакумента, які «Наша Ніва» атрымала ад «Белпола». У дакуменце за подпісам віцэ-прэм’ера Юрыя Шулейкі сцвярджаецца, што запатрабаванасць рынку ў свініне складае каля 500-520 тысяч тон у жывой вазе на год. На сёння забяспечваецца толькі 84%. Астатняе імпартуецца.
Усяго ў краіне, па словах чыноўнікаў, налічваецца каля 100 свінагадоўчых комплексаў, аднак яны старыя, таму маюць нізкія паказчыкі вытворчасці і не могуць забяспечыць канкурэнтназдольную вытворчасць свініны.
Што прыдумалі чыноўнікі? Пабудуюць чатыры свінагадоўчыя комплексы на 100 тысяч галоў кожны, а таксама восем меншых. Аднак племянных свіней, магчыма, купяць на Захадзе.

Беларусь адкрые гандлёвы хаб у Амане
Беларусь плануе стварыць у Амане сумесныя прадпрыемствы, а таксама хаб айчынных тавараў. Пра гэта стала вядома па выніках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Аман. Прычым адзначана, што ідэя стварэння хабу належыць султану Хайсаму бен Тарэк Аль Саіду.
Раней у час перагавораў паведамлялася, што Беларусь гатова пастаўляць у Аман пасажырскую, грузавую, дарожна-будаўнічую, камунальную, сельскагаспадарчую тэхніку. Таксама ёсць варыянты экспарту малочнай прадукцыі і дзіцячага харчавання. Аманскі бок выказаў зацікаўленасць у пастаўках беларускіх вакцын, азотных угнаенняў і камбікармоў.
Акрамя таго, Беларусь і Аман адменяць візавы рэжым і рыхтуюць запуск прамога авіярэйсу. Адзначу, што Аман ляжыць на ўзбярэжжы Аравійскага мора і Аманскага заліву, мае выхад да Індыйскага акіяна.
Польшча займае трэцяе месца ў Еўропе па вытворчасці ёлачных цацак
Цікавасць да польскіх святочных упрыгожанняў расце не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. Хоць Кітай у цяперашні час з’яўляецца найбуйнейшым сусветным экспарцёрам калядных упрыгожанняў, яго прадукцыя часта горшая па якасці. Польскія шарыкі, наадварот, распісаныя ўручную, набылі статус «люксавых», паведамляе «Беларуская служба Польскага радыё».
Так, Радаслаў Ярэма, кіраўнік установы «Akcenty» ў Польшчы, кажа, што летась палякі экспартавалі калядных упрыгожанняў больш чым на 68 мільёнаў еўра. Гэта дало высокае трэцяе месца ў Еўропе і пятае ў свеце.
– Самым вялікім атрымальнікам нашых упрыгожанняў з’яўляецца Германія. У мінулым годзе туды трапіла кожная чацвёртая цацка. На другім месцы знаходзяцца ЗША, а на трэцім – Францыя.
Беларускае Радыё Рацыя






