BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уласнікі Realt.by пашыраюць бізнес на Польшчу, ААЭ і Чарнагорыю

Саўладальнікі найбуйнейшага маркетплейса на беларускім рынку нерухомасці Realt.by браты Аляксандр і Дзмітрый Мартыненкі актыўна маштабуюць свой падобны міжнародны праект Realting.com, піша эканамічны аглядальнік Вадзім Сяховіч.

Паводле крыніц, інтарэсы сямейнага бізнесу на польскім рынку нерухомасці прадстаўляе варшаўская кампанія Realting. Яе саўладальнікамі на парытэтных умовах сталі Дзмітрый і Алена Мартыненкі. Realting.com быў створаны ў 2018 годзе і з’яўляецца платформай для камунікацыі паміж агенцтвамі, прадаўцамі і пакупнікамі ў розных краінах. На сёння Realting.com прысутнічае ва Узбекістане і Польшчы, у ААЭ і Чарнагорыі. Праз партнёраў маркетплейс працуе таксама ў Турцыі, Тайландзе, Інданезіі і Іспаніі. На платформе прадстаўлена больш за 250 тысяч аб’ектаў нерухомасці ў больш чым 85 краінах, піша “Наша Ніва”.

Экспарт “Беллегпрама” ў ЕЗ вырас на 26 працэнтаў?

У 2024 годзе экспарт прадукцыі “Беллегпрама” ў краіны Еўрапейскага звязу павялічыўся на 26% і склаў “суму дастаткова нядрэнную”, паведаміла старшыня канцэрна Таццяна Лугіна на прэсавай канферэнцыі ў Менску. Паводле яе слоў, прадпрыемствы “Беллегпрама” ажыццяўлялі пастаўкі ў Нідэрланды, Літву, Польшчу, Латвію, Эстонію. “Бачыце, санкцыі ёсць, тым не менш некаторыя краіны становяцца больш лаяльнымі да пэўных асартыментных пазіцый”, — сказала Лугіна, словы якой цытуе “Позірк”.

Беларусь увайшла ў лік краін з мінімальнай “камуналкай”

Беларусь увайшла ў трыццатку краін з мінімальным коштам асноўных паслуг ЖКГ за месяц. Гэта вынікае з дадзеных інтэрнет-рэсурсу Numbeo. У рэйтынгу за аснову ўзялі кватэру плошчай 85 “квадратаў”. Складальнікі ацанілі рахункі за электраэнергію, забеспячэнне цяплом і вадой, вываз бытавых адходаў. У Беларусі кошт жыллёва-камунальных паслуг склаў $53,31, або 174,71 беларускага рубля. Наша краіна па гэтым паказчыку апынулася на 97-м месцы са 123 краін.

Самую дарагую “камуналку” плацяць аўстрыйцы – амаль $375,5. На другім месцы – Германія, на трэцім – Вялікабрытанія. На апошнім месцы размясціўся Іран, дзе за “камуналку” у месяц у сярэднім плацяць $15,59. У Польшчы гэтая сума складае 291 даляр, у Літве – 232, піша Office Life.

Названыя тавары, якія найбольш падаражэлі ў свеце

Эксперты прааналізавалі статыстыку і склалі спіс біржавых тавараў, якія больш за ўсё падаражэлі па выніках траўня.

Какава-бабы і плаціна ў траўні сталі таварамі, якія ў свеце падаражэлі найбольш. Так, какава-бабы за травень выраслі ў цане на 11%. Сярод іншай сельгаспрадукцыі мацней за ўсё падаражэў апельсінавы сок (7,9%), рыс (2,9%) і авёс (2,9%). Што тычыцца металу плаціны, то яе цана на  сусветных біржах за травень вырасла на 9,2%.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: unsplash.com.