У першы тыдзень лютага даляр крыху ўмацаваўся да беларускага рубля, і да пятніцы курс устанавіўся на ўзроўні 2,868 рубля. Біткоін жа паказаў імклівае падзенне і на мінімуме абваліўся да $60 тысяч. У выніку галоўная крыптавалюта цяпер на мінімуме з лістапада 2024 года. Як піша Office Life, у першую чаргу ціск на расейскую і беларускую нацыянальныя валюты аказвае адсутнасць яўнага прарыву ў трохбаковых перамовах Расеі, Украіны і ЗША, якія прайшлі ў Абу-Дабі 4-5 лютага. Акрамя таго, Еўразвяз і ЗША не выключаюць увядзення новых санкцый супраць Расеі.

Што тычыцца крыптавалют, то прычыны імклівага падзення біткоіна экспертамі пакуль не названыя.
Што будзе з «Белвестам», які мае мільённыя даўгі?
У студзені Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў «Белвест» эканамічна неплацежаздольным. Цяпер абутковую фабрыку чакае санацыя. «Белвест» плануе закрыць усе даўгі і стабілізаваць фінансавае становішча за тры гады. Даўгоў на прадпрыемстве — больш чым на 32 мільёны рублёў, высветліла раней «Люстэрка». Таксама абутковая фабрыка шукае новыя рынкі збыту. Нядаўна дэлегацыя была ў М’янме.
Фабрыка «Белвест» была заснавана ў 1988 годзе ў Віцебску пры ўдзеле нямецкага канцэрна Salamander — гэта першае сумеснае прадпрыемства з заходнім капіталам на тэрыторыі тады яшчэ савецкай Беларусі. Цяпер 45% долі належыць расейцам. На прадпрыемстве працуюць каля 1700 супрацоўнікаў, піша “Наша Ніва”.
Расейскія ўлады ўзмацнілі кантроль за прадукцыяй чатырох беларускіх кампаній
У Расеі змянілі статус чатырох беларускіх вытворцаў на “ўзмоцнены лабараторны кантроль” у сувязі з выяўленымі парушэннямі.
Так, у спісе ўказана ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”. У курыным яйку гэтага прадпрыемства расейскі рэгулятар выявіў энрафлаксацын. У малацэ пастэрызаваным ад ТАА «МілкСтрэйт» апынуліся бактэрыі групы кішачнай палачкі, а ў смятане ААТ «Шклоўскі масларобны завод» – дрожджы. Акрамя таго, у ялавічыне ад ТАА «Агра бекон» выявілі максідэкцін.
InPost плануюць прадаць
InPost — адзін з самых вядомых польскіх брэндаў — атрымае новага ўладальніка. Паводле звестак кампаніі, да 19 мільёнаў чалавек у Польшчы могуць карыстацца яе аўтаматызаванымі плацежнымі аўтаматамі.
На гэты момант вядома, што група інвестараў набывае InPost за 7,8 мільярда еўра. У кансорцыум, які набывае польскую кампанію, уваходзіць, сярод іншых, FedEx — гігант амерыканскага рынку пасылак і пошты. Паводле аналітыкаў, Польшча можа нават стаць сталіцай «рэвалюцыі пачкаматаў». Хоць, вядома, гэта таксама нясе і рызыкі для кліентаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: AdobeStock.






