
Савет міністраў апублікаваў пастанову №457, якой зацверджаны пералікі відаў дзейнасці, дазволеных для ІП і самазанятых. Калі ваш від дзейнасці не трапіў у гэты пералік, то ён будзе забаронены з 1 кастрычніка.
Паводле дакумента, ІП не змогуць гандляваць аўтамабілямі, але змогуць займацца гандлем матацыкламі, аўтамабільнымі дэталямі, займацца тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў. ІП захоўваюць права займацца праграмаваннем, кансультацыйнымі і спадарожнымі паслугамі. У пералік патрапілі віды дзейнасці ў сферы сельскай гаспадаркі, вытворчасці, фінансаў, транспарту і лагістыкі і г.д.
У пастанове таксама змяшчаецца пералік відаў дзейнасці, дазволеных для самастойнай прафесійнай дзейнасці. У яго патрапіла 87 відаў, у тым ліку рэпетытарства, здача ў арэнду, рамонт тэхнікі, зборка мэблі, вытворчасць адзення, шэраг відаў паслуг. У абодва пералікі ўключаны мастацкая і літаратурная творчасць.
Беларусь хоча атрымаць ад Расеі больш грошай на імпартазамяшчэнне
Беларусь хоча атрымаць ад Расеі дадатковыя сродкі на новыя імпартазамяшчальныя праекты. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расеі Аляксандр Рагожнік пасля сустрэчы з Лукашэнкам. Паводле яго слоў, першапачаткова выдзеленыя Беларусі 105 мільярдаў расейскіх рублёў ужо размеркаваны. Цяпер патрэбныя грошы на новыя праекты, якія будуць высокатэхналагічнымі.
– Мы будзем распрацоўваць сумесныя праекты ў галіне рабатызацыі і аўтаматызацыі вытворчасці, каб падвышаць тэхналагічны складнік прамысловай вытворчасці. Ідэя заўсёды ёсць, пытанне ў эканамічным складніку гэтых ідэй, – дадаў Рагожнік.
Беларусь і Расея развіваюць праекты па замяшчэнні заходняга імпарту на фоне санкцый, у выніку якіх спыніліся пастаўкі шматлікіх тавараў.
Ад ліпеня ў Польшчы падаражэлі газ і электрычнасць
У Польшчы вырасла плата за газ для насельніцтва. З ліпеня цана газу з высокім утрыманнем метану складзе 239 злотых за мегават-гадзіну. Раней кошт быў замарожаны на ўзроўні крыху большым за 200 злотых. Мяркуецца, што ў выпадку спажыўцоў, якія выкарыстоўваюць газ толькі для працы газавых пліт, месячны кошт павысіцца на 5-6 злотых без уліку падаткаў і збораў. Аднак у выпадку спажыўцоў, якія газам абаграваюць дом, гэты рост можа скласці нават 100 злотых у месяц. Новыя тарыфы на газ будуць дзейнічаць да канца чэрвеня наступнага года.
З 1 ліпеня ў Польшчы вырасла таксама цана электраэнергіі. Сярэднестатыстычная хатняя гаспадарка будзе плаціць на 25 грошаў больш за кілават-гадзіну, чым да гэтай пары, то бок 1,15 злотых за кілават-гадзіну з улікам падаткаў і збораў.
Урад плануе ўвядзенне гэтак званага энергетычнага ваўчара для малазабяспечаных хатніх гаспадарак.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: “Радыё Свабода” / “Настоящее время”.






