Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову аб павелічэнні з 1 студзеня 2026 года мінімальнага заробку на 18%. Цяпер “мінімалка” складае 726 рублёў, а будзе – 858 рублёў.

Мінімальны заробак вызначае той аб’ём, менш за які працадаўца не мае права плаціць за стаўку. Згодна з заканадаўствам, памер мінімальнага заробку павінен быць не ніжэйшы за 30% прагнознага значэння сярэдняга заробку па краіне. А сярэдні заробак склаў у верасні 2 тысячы 746 рублёў.
Створана камісія па бюджэце Каардынацыйнай рады
На агульным пасяджэнні Каардынацыйнай рады пастанавілі стварыць камісію па бюджэце. Яе ўзначаліў прадстаўнік фракцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” юрыст і палітычны эмігрант Алесь Міхалевіч. Мэтай камісіі заяўлена экспертная падрыхтоўка праекту бюджэту на дзейнасць КР і забеспячэнне празрыстасці фінансавых працэсаў у ёй. Таксама камісія мае даваць справаздачу па выніках выканання бюджэту.
Эстонская кампанія неўсвядомлена пастаўляла абсталяванне для КДБ
Эстонская кампанія MedS&P AS “неўсвядомлена стала пастаўшчыком медыцынскага абсталявання” для беларускіх сілавікоў, заяўляе арганізацыя BelPol. Гаворка ідзе пра пастаўкі ў Менск МРТ-апаратаў з Нідэрландаў.
У афіцыйных дакументах канчатковым атрымальнікам тэхнікі было пазначанае Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Аднак у адкрытых крыніцах з’явіліся даныя, што абсталяванне прызначанае не для грамадзянскай медыцыны, а для вайскова-медыцынскага ўпраўлення КДБ Беларусі”.
Эстонская кампанія заўважыла неадпаведнасці і накіравала запыт на адрас беларускага боку. На думку BelPol, Мінздароўя “свядома ўвяло эстонскую кампанію ў зман”.
Інфляцыя ў Польшчы ў кастрычніку склала 2,8%
2,8% – гэта апошнія паказчыкі інфляцыі за кастрычнік у Польшчы. Галоўнае статыстычнае ўпраўленне перагледзіць гэтыя дадзеныя ў сярэдзіне лістапада. Гэта не зусім добрая навіна для спажыўцоў. Агулам жа палякі плацяць на 3,4% больш за прадукты харчавання, чым год таму, і на 2,6% больш за энерганосьбіты. На запраўках цэны ўпалі на 1,8%.
Адзін білет для ўсёй Еўропы?
Еўрапейская камісія абяцае ўвесці цэнтралізаваную сістэму продажу чыгуначных білетаў і больш высокую хуткасць цягнікоў. План уключае ўвядзенне інтэграванай платформы продажу білетаў. Брусель таксама працуе над праектам пашырэння сеткі хуткасных чыгунак, кошт якога, паводле ацэнак, да 2040 года складзе нават 546 мільярдаў еўра.
Сёння міжнародныя чыгуначныя падарожжы ў Еўропе з’яўляюцца лагістычнай праблемай: кожны перавозчык прадае квіткі асобна, і пошук самага таннага або хуткага злучэння часта патрабуе высілкаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com.






