BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Урад Беларусі баіцца дэфіцыту драўніны

На шэраг лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі ўведзеныя пошліны на вываз з Беларусі за межы тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, вынікае з адпаведнай пастановы Савета міністраў. У дакуменце адзначана, што рашэнне прынятае сярод іншага для “прадухілення дэфіцыту лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі”. Стаўка пошліны — 100 еўра за 1 кубаметр — будзе дзейнічаць да канца 2025 года.

Фота: motolko.help

Пры гэтым на беларускую драўніну распаўсюджваюцца санкцыі. Як прыгадвае “Позірк”, яшчэ ў сакавіку 2022 года Міжнародная рада дырэктараў FSC (міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй) вырашыла прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі. За тыдзень да гэтага Еўразвяз увёў забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі.

У Беларусі сёлета прадалі рэкордную колькасць лецішчаў

Продажы загараднай нерухомасці ў Беларусі сёлета прыкметна выраслі. Асабліва ў сегментах новых жылых дамоў класа «камфорт плюс» і дач. Напрыклад, у Менскай вобласці за 11 месяцаў бягучага года прадалі 2597 дач, што з’яўляецца максімумам за апошнія пяць гадоў, піша Realt. Па словах менеджара па загараднай нерухомасці агенцтва «Твая сталіца» Ларысы Самусенкавай, попыт на дачы расце з 2020 года. Прычым у розных коштавых дыяпазонах. “Калі ў 2021 годзе казалі, што папулярнасцю карыстаюцца варыянты да $10 тыс., то цяпер гэта ўжо дачы ад $5 да $25 тыс. А гэты год паказаў нам, што за якасныя дачы пакупнікі гатовы плаціць і больш », – кажа спецыяліст. У 2025 годзе попыт на дачы напэўна захаваецца. З адным «але»: калі будзе чарговы скачок курсу даляра, то ў бюджэтным сегменце са старымі дамамі магчымая «прасадка».

Што тычыцца новых дамоў класа “камфорт” з выгодамі, якія дапускаюць пражыванне і ў халодны перыяд, то попыт на іх захаваецца, гавораць эксперты. У крайнім выпадку магчыма невялікае зніжэнне цэн у далярах.

Катар пагражае спыніць пастаўкі газу ў ЕЗ

Калі краіны Еўразвязу накладуць штрафы на катарскія кампаніі ў адпаведнасці з новым законам аб належнай абачлівасці, Катар «спыніць пастаўкі газу ў Еўропу». Гаворка ідзе аб правілах, якія тычацца клопату аб правах чалавека, працоўных правах і прымусу да прыняцця стратэгіі кліматычнай нейтральнасці да 2050 года. На іх аснове з 2027 года краіны ЕЗ змогуць накладаць штрафы на кампаніі з трэціх краін. Катар асцерагаецца, што магчымыя штрафы для яго кампаній могуць дасягнуць 5% сусветных даходаў. «Гэта грошы нашых грамадзян. Я не блефую», — заявіў прадстаўнік ўрада Катара Саад аль-Каабі.

Аднак палітык дадаў, што ёсць «прастора для кампрамісу», калі штрафы будуць абмежаваныя даходамі, атрыманымі ў Еўрапейскім звязе. (Беларуская служба Польскага радыё)

Беларускае Радыё Рацыя