BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Урад пашырыў пералік тавараў, забароненых да ўвозу ў Беларусь

Урад Беларусі дапоўніў пералік забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны тавараў, якія паходзяць з так званых “недружалюбных” краін. У пералік уключылі: фанеру, шынную прадукцыю, шкловалакно, санітарна-гігіенічныя вырабы, паперу і кардон, сталярныя і цяслярныя вырабы і некаторыя іншыя тавары.

Фота ілюстратыўнае з адкрытых крыніц

Таксама асобна забаронена ўвозіць і рэалізоўваць на тэрыторыі Беларусі наступныя тавары, якія паходзяць з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі: сумкі і чамаданы, шпалеры, керамічную плітку, халадзільнікі і маразільнікі, пральныя машыны, падгузнікі і пялюшкі, санітарна-тэхнічныя вырабы.

Пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, яна пачне дзейнічаць з 15 кастрычніка. Паведамляецца, што гэта мера ў адказ на санкцыі Еўразвязу ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь.

МТЗ спадзяецца адправіць у Зімбабвэ больш за 3500 трактароў

Менскі трактарны завод спадзяецца адправіць у бліжэйшыя некалькі гадоў у Зімбабвэ больш за 3500 трактароў. На прадпрыемстве спасылаюцца на мемарандум, які быў падпісаны летась Аляксандрам Лукашэнкам падчас візіту ў гэту афрыканскую краіну. На МТЗ кажуць, што гатовыя “пачаць адгрузку тэхнікі”. Там “разлічваюць”, што ў чацвёртым квартале ў Зімбабвэ адправяць “некалькі соцень трактароў”.

Пакуль на завод прыехала дэлегацыя з Зімбабвэ, якая завітала не толькі на выставу трактарнай тэхнікі і ў музей, але і паглядзела, як адбываецца зборка тэхнікі. Дарэчы, сёлета на свяце моладзі прэзідэнт Зімбабвэ не мог завесці “трактар ад Лукашэнкі”. І гэты канфуз трапіў на відэа, піша “Еўрарадыё”.

Кампанія “Марко” аднавіла супрацоўніцтва з італьянскім брэндам Baldinini

Кампанія “Марко” аднавіла перамовы з італьянскім брэндам абутку Baldinini. Пра гэта ў эфіры “Беларусь 1” распавёў заснавальнік і ўласнік холдынгу “Марко” Мікалай Мартынаў. Па яго словах, гаворка ідзе пра сумесны дызайн абутку. Раней беларуская ды італьянская кампаніі ўжо супрацоўнічалі.

“Марко” стварылі ў 1991 годзе. У сярэдзіне нулявых прадпрыемства стала найбуйнейшым вытворцам скуранога абутку ў Беларусі. Вытворчыя магутнасці складаюць каля 2 мільёнаў пар абутку ў год, піша Office Life.

Штучны інтэлект ужо ўплывае на рынак працы

Выкарыстанне штучнага інтэлекту ўсё больш пагражае месцам працы фрылансераў, вынікае з новага даследавання. Нямецкі інстытут эканамічных даследаванняў у Берліне паведаміў, што попыт на лічбавую працу фрылансераў зменшыўся ў сярэднім на адну пятую на працягу першых васьмі месцаў года пасля запуску чат бота ChatGPT, які базуецца на штучным інтэлекце.

Найбольш, ажно на 30 працэнтаў, зменшылася колькасць замоваў для асоб, якія займаюцца карэкціроўкай тэкстаў або „гострайтынгам“. Таксама на 20 працэнтаў зменшыўся попыт на паслугі фрылансераў, якія займаюцца стварэннем праграмаў ды інтэрнэт-старонак, на 17 працэнтаў – на паслугі графічных дызайнераў.

Беларускае Радыё Рацыя