“Гэта ў прынцыпе супастаўна з узроўнем росту сусветнай эканомікі. Па прагнозах усіх аналітычных агенцтваў, у свеце ВУП будзе расці на 2,7-3%, і мы будзем у гэтых межах”, — заяўляе міністр эканомікі Юрый Чабатар.

Летась урад планаваў, што за 2025 год ВУП Беларусі вырасце на 4,1%, а інфляцыя складзе не больш за 5%. Але гэта было яшчэ пры прэм’ер-міністры Рамане Галоўчанку. Вынікі першых 7 месяцаў бягучага года далёкія ад запланаваных: ВУП вырас толькі на сціплыя 1,3%. А інфляцыя ў гадавым вымярэнні склала 7,4%, заўважае “Еўрарадыё”. Дзейны прэм’ер Аляксандр Турчын кажа чыноўнікам імкнуцца да “рэалістычных планаў”.
Урад забараніў вываз з Беларусі яблык без ліцэнзіі
З 1 верасня ў Беларусі на паўгода ўводзіцца ліцэнзаванне экспарту яблыкаў. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Вываз яблык за межы краіны, незалежна ад таго, дзе яны вырашчаныя, будзе магчымы толькі па разавых ліцэнзіях. Іх будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з іншымі органамі. Рашэнне будуць прымаць, улічваючы баланс паміж наяўнымі запасамі яблыкаў у краіне і ўнутранай патрэбай на момант разгляду заяўкі. Галоўная мэта – забяспечыць беларускі ўнутраны рынак яблыкамі ў міжсезонны перыяд у поўным аб’ёме.
Расце колькасць эканамічных злачынстваў
546 злачынстваў, у тым ліку 328 цяжкіх і асабліва цяжкіх, выявіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў першай палове года. Сярод гэтых злачынстваў – маштабныя супрацьпраўныя схемы ўхілення суб’ектаў гаспадарання ад выплаты падаткаў, а таксама схемы “крадзяжу з карупцыйнымі праявамі, а таксама схемы закупак дзяржаўнымі (з доляй дзяржавы) прадпрыемствамі тавараў у камерцыйных арганізацый-пасрэднікаў.
Раней паведамлялася, што колькасць грамадзян, асуджаных паводле абвінавачання ў злачынствах супраць “парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці“, за апошнія пяць гадоў павялічылася на 70% (з 303 у 2019 годзе да 515 у 2024-м), піша “Позірк”.
У Польшчы рэкордна мала таксі
На польскім рынку таксі — глыбокі крызіс. Упершыню колькасць дзейных прадпрыемстваў у гэтай сферы ўпала ніжэй за 50 тысяч. Паводле газеты Rzeczpospolita, так мала таксі ў краіне яшчэ ніколі не было.
Дадзеныя, сабраныя для выдання аналітычнай кампаніяй Dun&Bradstreet, паказваюць: таксісты масава закрываюць бізнес. За апошнія паўгода зарэгістравана толькі 628 новых прадпрыемстваў, а ліквідавана больш за 1600. Гэта азначае, што з вуліц польскіх гарадоў магло знікнуць каля тысячы таксовах. У сярэднім кожны дзень з вуліц знікае пяць таксі. Прычыны — рост кошту ўтрымання аўтамабіляў, падатковы ціск і канкурэнцыя з боку міжнародных сэрвісаў таксі і дастаўкі. «Гэтая галіна заўсёды трымалася на невялікіх, найчасцей аднаасобных бізнесах. Цяпер яны проста не вытрымліваюць канкурэнцыі», — адзначаецца ў выданні.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






