BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Урад распрацоўвае формулу “справядлівага цэнаўтварэння”

Такую задачу яму паставіў Аляксандр Лукашэнка. На пачатак студзеня ўжо запланаваная нарада. “Павінна быць справядлівая формула цэнаўтварэння ў Беларусі, каб не было так, як раней: чалавек не паспеў заробак атрымаць — ужо цэны дзесьці выраслі, — гаварыў Лукашэнка ў панядзелак на адкрыцці новых станцый метро. — …Павінна справядлівая быць цана”.

Ці гэта цалкам папулісцкі праект перад выбарамі, ці яго сапраўды паспрабуюць рэалізаваць, стане зразумела ў бліжэйшыя тыдні. Як вядома, Лукашэнка “змагаецца” з цэнамі на працягу дзесяцігоддзяў. Летам 2020-га ён абураўся, што ўрад кантралюе цэнаўтварэнне, а некаторыя цэны выраслі ў два разы. У канцы таго ж года Лукашэнка прапанаваў не абмяжоўвацца рэгуляваннем цэн на сацыяльна значныя тавары, а дзейнічаць “па ўсіх напрамках і параметрах”, піша “Еўрарадыё”.

Беларусь рэканструявала масты за кошт сродкаў бюджэту

Рэканструкцыя мастоў, на якія раней выдзяляліся крэдыты міжнародных фінансавых інстытутаў, завершана за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Пра гэта беларускаму тэлебачанню расказаў Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч. Прыгадаем, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця яшчэ ў 2020 годзе прыпыніў фінансаванне дзяржаўных праектаў у Беларусі, а ў 2022 годзе пасля таго, як РФ выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну, прыпыніў супрацоўніцтва з краінай.

Міністр таксама расказаў аб планах рэканструкцыі дарог. Гаворка ішла пра аўтамагістраль М3, гэта калідор на Санкт-Пецярбург, таксама пра дарогу Р-122 ад Магілёва да Чавусаў і на выезд у Расею ды іншыя дарогі, па якіх грузы з Беларусі ідуць у Расейскую Федэрацыю, паведамляе reform.news.

Менскія ўлады расказалі, які сабекошт паездкі ў метро

Сёння метро — датаваны з гарадскога бюджэту від транспарту. “Сабекошт адной паездкі — 2 рублі 12 капеек, па факце жыхары плацяць 90 капеек. Датацыя ідзе з гарадскога бюджэту — каля Br134 млн штогод”, — расказаў старшыня Менскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. Паводле яго слоў, метрапалітэн займае каля 40 працэнтаў у агульным аб’ёме пасажырскіх перавозак у горадзе.

Сёлета колькасць перавезеных пасажыраў вырасла на 8%, выручка ад рэалізацыі паслуг дадала 12%, а прыбытак прадпрыемства — 10%. Зарплата ў супрацоўнікаў метрапалітэна ў гэтым годзе вырасла на 16% у параўнанні з папярэднім годам, піша “Наша Ніва”.

Колькі сёлета будзе каштаваць аліўе

Навагодні салат аліўе для беларусаў сёлета ў параўнанні з мінулым годам патаннеў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” распавёў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. На яго думку, салат стаў таннейшым з-за акцый і распродажаў у крамах. Таму калі ў мінулым годзе прадуктовы набор на аліўе каштаваў 13 рублёў 80 капеек, то ў гэтым годзе – 13 рублёў 45 капеек.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: rynak.by.