Расейскія аператары высветлілі, што ў беларускіх санаторыях амаль не засталося месцаў для адпачынку да восені – усё забраніравана. Пра гэта паведамляе Асацыяцыя тураператараў Расеі.

Да прыкладу, туркампанія «Русский экспресс» заявіла пра трохразовы рост продажу пуцёвак у Беларусь, а кампанія «Дельфин» пацвярджае 40-працэнтны рост.
Попыт на беларускія санаторыі стымулююць такія фактары, як транспартная даступнасць, уезд па расейскім пашпарце, якасная медыцынская база, кажуць эксперты. Цікавасць да беларускіх санаторыяў не спала нават пасля росту тарыфаў на 15-20 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, бо беларускія расцэнкі і так застаюцца больш выгаднымі ў параўнанні з курортамі Каўказскіх Мінеральных Водаў. (паводле Office Life)
Беларускаму рублю споўнілася 30 гадоў
Нацыянальны банк адзначыць 30-годдзе беларускага рубля выпускам залатых і сярэбраных памятных манет. 5 ліпеня ў зварот будуць выпушчаны:
– залатая манета «Беларускі рубель. 30 гадоў» наміналам 30 рублёў,
– сярэбраная манета «Беларускі рубель. 30 гадоў» наміналам 30 рублёў.
Тыраж залатой манеты складзе 10 тыс. штук, а сярэбранай – 20 тыс. штук.
Разліковыя білеты Нацыянальнага банка Беларусі былі ўведзеныя ў абарачэнне ў траўні 1992 года, а ў другой палове 1993 года прынялі рашэнне выняць з абароту дзяржаўныя казначэйскія білеты СССР і банка Расеі.
У 1994 годзе беларускі рубель быў канчаткова аб’яўлены адзіным законным плацежным сродкам у Беларусі, а ў наяўным звароце – разліковы білет Нацыянальнага банка. (reform.news)
Кампанія з Люксембурга выкупіла некалькі «савецкіх» брэндаў алкаголю
Кампанія Spirits International на аўкцыёне набыла права на выкарыстанне 18 алкагольных брэндаў у краінах Бенілюкса. Сярод іх – некалькі вядомых марак, якія раней належалі расейскай дзяржаве, піша Office Life.
Аўкцыён праходзіў у Гаазе, і ўсё 18 брэндаў прадаваліся адным лотам з рэгіёнам выкарыстання ў Бельгіі, Нідэрландах і Люксембургу. У тым ліку пераможцу таргоў дасталіся правы на брэнды «Сталічная» і «Маскоўская». Пераможца выклаў за лот 1 мільён 600 тысяч еўра. Хоць за гэтыя брэнды ідуць суды і раней Вярхоўны суд Нідэрландаў пастанавіў вярнуць іх Расеі і выплаціць атрыманы ад іх продажу прыбытак. Пазней Апеляцыйны суд Гаагі паставіў перадаць права на гандаль гэтымі напоямі акцыянерам былой нафтавай кампаніі «ЮКОС» у якасці кампенсацыі ад Расеі за страты «ЮКОСа», ацэненыя ў 50 мільярдаў даляраў. Але цяпер Расея зноў падала скаргу, якую будзе разглядаць Вярхоўны суд Нідэрландаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sanruzh.by (санаторый «Ружанскі»)






