BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Усе найбуйнейшыя беларускія бізнесы ў Літве скарацілі падатковыя адлічэнні

Кампаніі з беларускімі ўласнікамі, якія ўваходзяць у топ-500 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы, заўважна скарацілі па выніках 2025 года сумы плацяжоў у бюджэт гэтай краіны.

Як і па выніках пазамінулага года, у топ-500 за мінулы год апынуліся чатыры кампаніі, якія маюць беларускіх уласнікаў. Гэта тры IT-бізнесы, два з якіх (Epam sistemos і Wargaming Vilnius) увайшлі ў першую пяцёрку найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў у сваёй галіне. І яшчэ адно мясаперапрацоўчае прадпрыемства — Krekenavos agrofirma.

Летась гэтая чацвёрка заплаціла на 15% менш падаткаў, чым годам раней. Калі ў пазамінулым годзе сукупная сума пералічаных гэтымі кампаніямі грошай складала 49,7 мільёна еўра, то ў мінулым годзе — 43,1 мільёна еўра, піша “Наша Ніва”.

ЗВР Беларусі за месяц выраслі болей як на 1 млрд даляраў

Па стане на 1 лютага золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 1,28 млрд даляраў. Цяпер ЗВР дасягнулі новага рэкорднага значэння ў 15,7 млрд даляраў, паведамляе Нацбанк.

Асноўным фактарам росту ЗВР у студзені, як і раней, стаў кошт манетарнага золата. Пад канец студзеня каціроўкі каштоўнага металу выраслі за тыдзень на 10%, амаль да 5600 даляраў за унцыю, але потым адбылася значная карэкціроўка.

У студзені ў Беларусі рэзка скараціліся продажы новых легкавых аўто

Продажы новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі рэзка скараціліся ў студзені. Год да года падзенне склала 40%, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.

15 вядучых аўтамабільных марак Беларусі за мінулы месяц прадалі 3508 новых легкавых аўтамабіляў. Скарачэнне зафіксаванае практычна па ўсіх брэндах. Адзіным выключэннем сталі аўтамабілі “БелДжы” — маркі Belgee і Geely. Іх сукупная доля на беларускім рынку ў студзені склала 52,8%. У гадавым выражэнні доля мясцовых аўтавытворцаў вырасла больш чым удвая — з 27% да 58%.

Самае вялікае зніжэнне продажаў адбылося сярод аўтамабіляў, якія ўвозяцца з Расеі. Іх імпарт за год зменшыўся ў чатыры разы.

Ілан Маск стаў першым чалавекам з маёмасцю ў $800 млрд.

Бізнесмен Ілан Маск працягвае біць уласныя рэкорды па багацці. Цяпер яго багацце ацэньваецца ў $852,5 млрд, піша Office Life.

Ілон Маск разбагацеў пасля таго, як SpaceX купіла xAI. Агульны кошт аб’яднанай кампаніі склаў $1,25 трлн. Акрамя таго, Маску належыць доля 12% у Tesla, якую ацэньваюць у $178 млрд, а таксама пакет апцыёнаў на акцыі Tesla яшчэ на $124 млрд.

За апошнія чатыры месяцы Маск чатыры разы абнаўляў рэкорды па багацці.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: madeinvilnius.lt.