У адказ на закрыццё Літвой мяжы з Беларуссю ўведзеныя дадатковыя абмежаванні для еўрапейскіх перавозчыкаў. У прыватнасці, для польскіх і літоўскіх. Цяпер грузавікі, прычэпы і паўпрычэпы на літоўскай рэгістрацыі, за некаторымі выключэннямі, могуць уязджаць і выязджаць з Беларусі толькі праз беларуска-літоўскую мяжу, якая цяпер амаль поўнасцю закрытая. Для польскіх перавозчыкаў такія абмежаванні існуюць яшчэ з 18 лютага 2023 года за некаторымі выключэннямі.

Па словах дальнабойшчыка, які ехаў з Беларусі ў Польшчу і з якім пагаварыла “Наша Ніва”, усе прыгранічныя паркоўкі з польскага боку застаўленыя літоўскімі фурамі і паўпрычэпамі.
Катар паставіў умову для далейшых адгрузак газу у Еўропу
Катар паставіў умову для далейшых адгрузак звадкаванага прыроднага газу (СПГ) у Еўропу – Еўрасаюзу неабходна змякчыць або адмяніць шэраг экалагічных стандартаў, піша выданне “Беларусы і рынак”. У прыватнасці, незадаволенасць Катара выклікае дырэктыва аб праверцы ланцужкоў паставак кампаній на адпаведнасць “мэтам ўстойлівага развіцця”. Яна ўступае ў сілу з 2027 года і прадугледжвае штрафы да 5 працэнтаў ад гадавой выручкі для неадпаведных кампаній.
Катар займае трэцяе месца ў свеце па запасах прыроднага газу і з’яўляецца другім найбуйнейшым экспарцёрам ЗПГ пасля ЗША.
Як зараз працуе беларускі санаторый у Літве
Санаторый “Беларусь” у літоўскім Друскінінкаі сёння працуе стабільна, але колькасць адпачывальнікаў беларусаў у ім прыкметна зменшылася. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТВ расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. Ён зазначыў, што ў папярэднія гады ў санаторыі штогод праходзілі лячэнне каля 800 беларусаў. У гэтым годзе лічба будзе крыху ніжэй – 700 чалавек. Таксама цяпер пуцёўкі прадаюць у тым ліку грамадзянам краін ЕС і ўсяго свету, піша Office Life.
У 2022 годзе санаторыі ў Літве і Латвіі перадалі ва ўласнасць Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Да гэтага іх працу каардынавала Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Мільён кітайскіх аўтамабіляў на польскіх дарогах?
Продажы аўтамабіляў кітайскай вытворчасці ў Польшчы растуць з вялікай хуткасцю. Паводле Польскай асацыяцыі аўтамабільнай прамысловасці, за першыя дзевяць месяцаў года зарэгістравалі амаль 29 тысяч новых аўтамабіляў з Кітая, што ў пяць разоў больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Эксперты прагназуюць, што праз тры гады колькасць кітайскіх аўтамабіляў на польскіх дарогах можа дасягнуць аднаго мільёна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: OL.






