Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ўстанавіла гранічныя максімальныя адпускныя цэны на плодаагароднінную прадукцыю са стабілізацыйных фондаў, адпаведная пастанова была апублікавана ў суботу на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша sputnik.by.

Так, кошт бульбы (без уліку расходаў па захоўванні) замацаваны на роўні 63 капеек за кіло, буракоў – 66 капеек, морквы – 75 капеек, белакачаннай капусты – 94 капейкі, рэпчатай цыбулі – 1 рубель, свежых яблыкаў – 2,6 рубля. Кошты на гэтыя пазіцыі з улікам выдаткаў па дастаўцы вышэйшыя на некалькі капеек.
З улікам расходаў па захоўванні бульба будзе каштаваць 68 капеек за кілаграм, буракі – 74, морква – 86, капуста – 1,03 рубля, цыбуля – 1,07 рубля, яблыкі – 3,05 рубля.
Раней МАРТ абмежаваў рознічныя цэны на базавы набор агародніны, якія будуць паступаць у магазіны ў рамках дзяржзаказу. Па дакуменце, кілаграм бульбы ў розніцы не павінен быць даражэй за 1,07 рубля, буракоў – не даражэй за 1,17 рубля, морквы – 1,35 рубля, капусты – 1,62 рубля, цыбулі – 1,68 рубля, яблыкаў – 4,8 рубля.






