BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Узаемны тавараабарот Беларусі і РФ павялічыўся на 5,6%

Беларусь і Расея “прырастаюць ва ўзаемным гандлі”, заявіў беларускі прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын у Маскве на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы (СД). Паводле яго, за 2025 год тавараабарот паміж краінамі вырас на 5,6%, пры гэтым “яшчэ больш высокімі тэмпамі расце гандаль паслугамі”.

Расея, сказаў Турчын, летась “умацавала статус ключавога партнёра для Беларусі”: “Каля 60% усіх прыцягнутых прамых замежных інвестыцый прыпадае на долю расейскіх інвестараў. Пры гэтым Беларусь таксама істотна нарошчвае інвестыцыі ў эканоміку Расеі яшчэ больш хуткімі тэмпамі”. Раней, у снежні, паведамлялася, што тавараабарот паміж краінамі па выніках 2025 года мае скласці больш за 60 мільярдаў даляраў, піша “Позірк”.

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком рыбы ў Расею

Па выніках 2025 года Беларусь заняла першае месца па аб’ёмах паставак рыбы на расейскі рынак. Не маючы выхаду да мора, краіна здолела абысці такія марскія дзяржавы, як Кітай, Турцыя і Чылі.

Агулам у 2025 годзе Расея закупіла за мяжой 680 тысяч тон рыбы — гэта на 3% больш, чым годам раней. У грашовым вымярэнні імпарт вырас на 7% і дасягнуў 3,1 мільярда даляраў. Беларусь стала найбуйнейшым экспарцёрам, паставіўшы на расейскі рынак 112 тысяч тон рыбы. Гэта прынесла краіне 336 мільёнаў даляраў.

Нацбанк зацвердзіў новы графічны знак беларускага рубля

Нацыянальны банк Беларусі зацвердзіў новы графічны знак афіцыйнай валюты краіны – беларускага рубля. Аўтарам знака стаў Васіль Шабетун. Графічны знак уяўляе сабою загалоўную літару кірыліцы “Б”, з якой пачынаецца слова “Беларусь”. Гэта дазваляе асацыяваць выяву з нашай краінай і нацыянальнай грашовай адзінкай. Па цэнтры літары праведзена паралельная верхняй лініі рыса, якая мае сімвалізаваць устойлівасць, раўнавагу і стабільнасць, паведамляе Нацбанк

Палякі палюбілі Lexus

Польскі аўтарынак за апошнія гады выразна змяніў кірунак: спажыўцы ўсё часцей выбіраюць не масавыя мадэлі, а аўтамабілі прэміум-класа. Адным з галоўных бенефіцыяраў гэтай тэндэнцыі стаў Lexus — брэнд, які ў 2025 годзе зафіксаваў у Польшчы рэкордныя вынікі, — піша moto.pl.

Паводле дадзеных Toyota Central Europe (TCE), летась у рэгіёне (Польшча, Чэхія, Славакія і Венгрыя) прадалі 18 781 аўтамабіль Lexus. З іх 14 539 трапілі да польскіх кліентаў, што складае 77% ад агульнага аб’ёму TCE і амаль 22% ад усих еўрапейскіх продажаў брэнда. Гэта зрабіла Польшчу найбуйнейшым рынкам Lexus у Еўропе і шостым у свеце — пасля ЗША, Кітая, Японіі, Канады і Тайваня, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com