BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вайна ЗША і Ізраіля з Іранам псуе лагістыку Беларусі

У сувязі з атакай на Іран Беларусь рызыкуе надоўга страціць лагістыку ў краіны Персідскага заліва, Індыю і ўсходнюю Афрыку. Пад пагрозай апынуўся так званы “Міжнародны транспартны калідор “Поўнач-Поўдзень”. Пра гэта піша BELPOL на падставе дакументаў.

Экспедытар Беларускай чыгункі распрацаваў тры лагістычныя схемы дастаўкі грузаў у межах калідора “Поўнач-Поўдзень”, і ўсе яны праходзяць праз Іран.

Заходні маршрут праходзіць праз тэрыторыі Расеі, Азербайджана, далей па тэрыторыі Ірана да порта Бендэр-Абас. Цэнтральны маршрут праходзіць праз расейскія парты Астрахань, Оля, Махачкала да іранскіх партоў Энзелі і Ноўшэхер. Усходні маршрут — чыгуначным транспартам праз тэрыторыі Расеі, Казахстана, Туркменістана, затым да порта Бендэр-Абас.

БелАЗ паказаў, як выглядае новы 50‑тонны бульдозер

Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ) прадставіў новы 50‑тонны бульдозер БЕЛАЗ-78542 — адзін з самых магутных прадстаўнікоў цяжкай спецтэхнікі ў сваёй лінейцы. Машына прызначаная для працы ў складаных умовах кар’ераў. Яна выкарыстоўваецца для зняцця і перамяшчэння вялікіх аб’ёмаў горнай масы і грунту, а таксама для дакладнага выраўноўвання кар’ерных пляцовак.

Бульдозер забяспечаны рухавіком магутнасцю 550 конскіх сілаў — самым магутным у мадэльным шэрагу. Максімальная хуткасць складае да 35 км/г. Паліўны бак аб’ёмам 715 літраў дазваляе працаваць цэлую змену без дадатковай запраўкі. Пасля заканчэння завадскіх выпрабаванняў машыну чакае праверка ў рэальных умовах, піша “Наша Ніва”.

У сельскай гаспадарцы не хапае тэхнікі

У Беларусі працягвае памяншацца колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, заўважыў “Позірк”.

Станоўчых тэндэнцый не назіраецца з пачатку 1990-х, гэта значыць з моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе. Толькі за гады яго кіравання колькасць асноўных сельгасмашын паменшылася ўтрая. Напрыклад, збожжаўборачных камбайнаў стала менш у 3,3 разу: з 24 тысяч у 1994 годзе да 7 тысяч у 2025 годзе. Колькасць трактароў за той жа перыяд часу ўпала ў 3,4 разу: са 116 – да 34 тысяч.

Вядомую кавярню ў гістарычным цэнтры Гародні выставілі на продаж

У гістарычным цэнтры Гародні прадаецца кавярня “Хацей”. Кавярня знаходзіцца ў пачатку пешаходнай вуліцы Савецкай побач з папулярнымі турыстычнымі лакацыямі, напрыклад паркам Жылібера. Установа спецыялізуецца на піцы і ролах.

У аб’яве пазначана, што кошт за кавярню дамоўны, а ўсе дэталі продажу абмяркоўваюць пры сустрэчы. Пакупніку прапануюць памяшканне плошчай 160 квадратных метраў.

Кавярню «Хацей» адкрылі ў 2017 годзе. Раней на гэтых плошчах знаходзілася легендарная гарадзенская “Чабурэчная”, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц