Вялікабрытанія з 18 ліпеня падвысіць пошліны на азотныя ўгнаенні з Беларусі і Расеі. Гэта мера ўводзіцца з мэтай пазбавіць даныя краіны доступу да рэжыму найбольшага спрыяння пры экспарце тавараў, паведамляе брытанскае Міністэрства бізнесу і гандлю.

Рост імпартных ставак на азотныя ўгнаенні з Беларусі і Расеі ў Вялікабрытаніі будзе праходзіць паэтапна.
З 18 ліпеня гэтага года пошліны будуць складаць 10%, з 1 ліпеня 2026-га — 20%, з 1 ліпеня 2027-га — 35%. Пры гэтым стаўка на азот для імпарцёраў з іншых краін будзе на ўзроўні 6-6,5%.
З 2022 года ў Вялікабрытаніі дзейнічае дадатковая пошліна памерам 35% на ўвоз найбольш значнай у знешнім гандлі Беларусі прадукцыі. Гэтая пастанова была прынятая ў рамках санкцый супраць Расеі і Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне.